Увечары 17 верасьня экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу» Раман Пратасевіч агучыў у сваім тэлеграм-канале прозьвішчы яшчэ 10 палітвязьняў, вызваленых 16 верасьня ўказам Лукашэнкі.
Незалежна праверыць словы Пратасевіча рэдакцыя пакуль ня мае магчымасьці.
Паводле зьвестак Пратасевіча, на волю выйшлі:
- Аляксандар Рукойць (адзін зь пяці ўдзельнікаў закрытага чата «Саюз беларускага нацыянальнага шчыта», прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім», затрыманы 8 лістапада 2022 году; асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле артыкулаў «распальваньне варожасьці» і «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім»);
- Аляксандар Пугач (затрыманы 17 жніўня 2022 году; асуджаны да 3,5 года зьняволеньня паводле артыкулаў «абраза прадстаўніка ўлады» і «абраза Лукашэнкі», «гвалт ці пагроза гвалтам службовай асобе» за камэнтары ў Тэлеграме);
- Дзьмітры Кушалевіч (у сьнежні 2022 году асуджаны на невядомы тэрмін зьняволеньня паводле артыкулаў арт. 368, 366 і 367 — за абразу Лукашэнкі, паклёп на яго, гвалт ці пагрозу гвалтам службовай асобе);
- Алег Завадзкі (затрыманы 12 студзеня 2023 году; асуджаны на 3,5 года зьняволеньня паводле артыкулаў «абраза Лукашэнкі» і «распальваньне варожасьці»);
- Аляксандар Жук (фігурант так званай «справы карагодаў» ў Берасьці за акцыю пратэсту 13 верасьня 2020 году; асуджаны двойчы паводле артыкулу «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». У 2021 годзе яму прызначылі 1,5 года «хіміі». 23 ліпеня 2022 году выйшаў на волю, але 6 сьнежня 2023-га зноў затрыманы і асуджаны на 2,5 года зьняволеньня ў новай справе за ўдзел у пасьлявыбарных пратэстах);
- Мікалай Амельчанка (затрыманы 6 сакавіка 2022 году; асуджаны (тэрмін невядомы) паводле 4 артыкулаў: «распальваньне варожасьці», «паклёп на Лукашэнку», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» і «незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестак»);
- Дзьмітры Сінюта (затрыманы 11 верасьня 2023 году, асуджаны на невядомы тэрмін паводле артыкулаў «распальваньне варожасьці», «абраза Лукашэнкі», «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
- Сяргей Мазоль (затрыманы 9 сакавіка 2023 году, падставай для крымінальнай справы стала тое, што ён 11 сакавіка 2022 году адправіў у тэлеграм-бот «Рэдакцыя NEXTA» адно паведамленьне: «Столін, Берасьцейская вобласьць. Мяжа з Украінай. Пацьвярджаю, што былі выпушчаныя ракеты са зьнішчальніка»; асуджаны на 2,5 года зьняволеньня паводле артыкулу «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
- Віталь Санько (жыхар Горадні, затрыманы 19 кастрычніка 2023 году за данаты; асуджаны паводле артыкулаў «фінансаваньне дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня» і «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», тэрмін зьняволеньня невядомы);
- Андрэй Рамановіч (затрыманы 3 траўня 2023 году за відэаролік, які ён накіраваў у «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал; асуджаны на 2,5 года зьняволеньня паводле артыкулу «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»).
Таксама стала вядома, што ў жніўні на волю па памілаваньні выйшла 76-гадовая пэнсіянэрка з Бабруйска Натальля Таран. Пра гэта паведаміла «Медиазона» са спасылкай на заснавальніцу ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенію Доўгую.
У жніўні 2022 году Натальлю Таран асудзілі на 3,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкулаў аб абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), паклёпе на яго (арт. 367 КК) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у жанчыны некалькі хранічных захворваньняў. Да суду яна была на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Праваабаронцы MAYDAY знайшлі ў «зьлітай» базе даносаў ад «Кібэрпартызанаў» два звароты ад грамадзян Расеі, якія скардзіліся на пэнсіянэрку.
Раней Пратасевіч агучыў імёны яшчэ 15 палітвязьняў, якіх вызвалілі ўказам Лукашэнкі ад 16 верасьня. Паводле ягонае інфармацыі, сярод вызваленых — Аляксандар Фікаў, Тацяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун, Кацярына Джыг (падрабязьней па спасылцы), Зоя Баранава, Аляксандар Пасьцярняк, Аляксандар Емяльянаў, Уладзіслаў Папоў, Ігар Барысаў, Аляксандар Жандораў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў і Віталь Чарнавусаў (падрабязьней пра іх па спасылцы).
Незалежна праверыць словы Пратасевіча рэдакцыя пакуль ня мае магчымасьці.
- 16 верасьня стала вядома, што паводле новага ўказу Лукашэнкі на волю выходзяць яшчэ 37 палітвязьняў, асуджаных паводле пратэставых артыкулаў. Паведамляецца, што сярод іх шэсьць жанчын, а таксама людзі з хранічнымі захворваньнямі, інваліднасьцю, пэнсіянэры.
- З 3 ліпеня гэта чацьвёртая хваля памілаваньня палітзьняволеных. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за гэты час на волю па памілаваньні агулам выйшлі 115 чалавек. Да агучаных Пратасевічам 10 прозьвішчаў праваабаронцам былі вядомыя агулам прозьвішчы 57 вызваленых палітвязьняў.
- Па стане на 17 верасьня ў Беларусі цяпер 1349 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большая.
Форум