Жыхарку Берасьця судзяць паводле 6 крымінальных артыкулаў
У Берасьцейскім абласным судзе 18 верасьня пачаўся разгляд крымінальнай справы Алы Дзясяцік, паведамляе «Вясна». Працэс вядзе судзьдзя Сяргей Беразюк.
Берасьцейку абвінавачваюць паводле шасьці крымінальных артыкулаў:
- ч. 1 і 2 арт. 361-4 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»);
- ч. 1 арт. 342 («Актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»);
- арт. 370 («Зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў»);
- ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»);
- арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»);
- арт. 367 («Паклёп на прэзыдэнта»).
Апошні раз Ала Дзясяцік была онлайн у сацсетках 11 студзеня 2024 году, незадоўга да рэйду КДБ зь перасьледам асобаў, якія праяўляюць салідарнасьць з палітвязьнямі.
Прыкладна на 30 чалавек завялі крымінальныя справы за тое, што падтрымлівалі палітвязьняў невялікімі грашовымі пераводамі і перадачамі.
- Масавы рэйд сілавікоў па кватэрах тых, хто дапамагаў сем’ям палітзьняволеных прадуктовымі наборамі праз інтэрнэт-пляцоўку «Е-дастаўка» сеткі крамаў «Эўраопт» у рамках ініцыятывы INeedHelpBY (16 студзеня прызнаная экстрэмісцкім фармаваньнем), адбыўся 23 студзеня.
У Менску судзяць 57-гадовую Ірыну Клязовіч, затрыманую за дапамогу палітвязьням
Жыхарку Салігорску Ірыну Клязовіч затрымалі 23 студзеня падчас масавага рэйду КДБ на людзей, якія праяўляюць салідарнасць з палітвязнямі. Ірыну абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу), паведамляе «Вясна».
Справу жанчыны пачалі разглядаць 18 верасьня ў Менскім абласным судзе. Працэс прызначаны весьці судзьдзя Сяргей Васілеўскі.
Вырак менскаму блогеру
Суд Цэнтральнага раёну Менску прысудзіў блогеру, які рабіў агляды крамаў, 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, так званай «хіміі», паводле артыкулу аб распаўсюдзе пэрсанальных зьвестак (ч. 1 і 2 арт. 203-1 КК), паведамляе прэс-служба пракуратуры.
Акрамя гэтага, ён мусіць выплаціць штраф у памеры 300 базавых велічынь (12 тысяч беларускіх рублёў).
На судзе мянчук прызнаў сваю віну, патлумачыўшы, што такім чынам зафіксаваў парушэньні ў працы гандлёвай сеткі.
Паводле матэрыялаў справы, блогер здымаў відэа пра розныя прадуктовыя крамы, у якіх паказваў пратэрмінаваныя тавары, парушаную цэласнасьць упакоўкі прадуктаў і іншае.
Для здымкі чарговага сюжэту ён прыйшоў у прадуктовую краму адной вядомай сеткі і, калі да яго падышла 40-гадовая супрацоўніца крамы, пачаў здымаць дыялёг зь ёй на відэа. Супрацоўніца заявіла, што не дае згоды на відэаздымкі і публікацыю відэа зь яе ўдзелам у сеціве, аднак блогер працягваў здымаць відэа і расказваць, як у краме «парушаюць законныя правы грамадзян», а пасьля апублікаваў яго ў сацсетках.
Акрамя гэтага блогер, паводле СК, «разьмясьціў пэрсанальныя зьвесткі і фота» супрацоўніцы крамы, яшчэ раз наведаў краму, падчас чаго здымаў усё на відэа і задаваў непрыемныя пытаньні той самай супрацоўніцы. Ролік набыў папулярнасьць, і ў выніку «жанчына сутыкнулася з абразамі ад незнаёмых мінакоў», а яе 11-гадовая дачка «зазнала булінг у школе ад сваіх аднагодкаў», паведамляў раней СК.
Супрацоўніца крамы зьвярнулася ў міліцыю.
Мужчыну затрымалі за камэнтары і рэгістрацыю ў пляне «Перамога»
За камэнтары ў сеціве сілавікі затрымалі мужчыну, паведаміў адзін з тэлеграм-каналаў, набліжаных да сілавікоў. На відэа сілавікоў беларуса прымусілі сказаць, што ён пакідаў «нэгатыўныя» камэнтары ў адрас дзяржавы і дзейнай улады, а таксама зарэгістраваўся ў пляне «Перамога».
У якім статусе знаходзіцца затрыманы і паводле якога артыкулу яго абвінавачваюць, невядома.
Форум