Пракуратура Гомельскага раёну запатрабавала ад сэрвісу «Яндекс Музыка», сярод іншага, выдаліць песьні рагачоўскага гурту Tor Band і кантэнт суполкі «Маланка Медиа». У выніку іх «выключылі з прапановаў да праслухоўваньня».
Як паведамілі ў пракуратуры, у адрас ТАА «ЯндэксБел» накіравалі прадстаўленьне з патрабаваньнем «выдаліць запісы выступаў фашысцкіх лідэраў і экстрэмісцкія музычныя кампазыцыі», якія ведамства выявіла падчас маніторынгу ў сеціве.
Пракуратура выявіла на музычным сэрвісе кантэнт, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: «Напрыклад, музычныя кампазыцыі гурту „TOR BAND“, якія ў 2022 годзе судом Цэнтральнага раёну Гомля прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, а таксама кантэнт суполкі „Маланка Медия“ і іншыя», — паведамілі ў ведамстве.
Акрамя гэтага, паводле пракуратуры, на сайце і ў аплікацыі «Яндэкс Музыка» ў публічным доступе былі запісы выступаў Адольфа Гітлера і Бэніта Мусаліні.
Усе гэтыя матэрыялы з сэрвісу запатрабавалі выдаліць. «Акт нагляду выкананы ў поўным аб’ёме», — паведамілі ў пракуратуры. Але, выглядае, гаворка ідзе не пра выдаленьне — у загалоўку паведамленьня пракуратуры ўказана, што запісы «выключаныя з прапановаў да праслухоўваньня».
Цяпер зь беларускага IP на сэрвісе «Яндекс Музыка» сапраўды нельга праслухаць частку кампазыцый Tor Band (напрыклад, «Мы — не народец», «Жыве», «Кто, если не ты?», «Dead Мороз») — сэрвіс інфармуе: «Трэк не даступны па патрабаваньні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь». Пры гэтым цалкам старонку групы ня выдалілі. Зь іншых лякацыяў — напрыклад, з расейскага IP — даступныя ўсе кампазыцыі гурту, заўважыла выданьне Reform.news па выніках праверкі даступнасьці трэкаў Tor Band у расейскім сэрвісе.
- Рагачоўскі гурт Tor Band займеў папулярнасьць у Беларусі на хвалі пратэстаў 2020 году.
- Многія песьні музыкаў былі гітамі зь мільёнам праглядаў.
- Вядомасьць набылі творы «Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Мы не народец».
- У 2021–2022 гадах музыкі таксама выпусьцілі творы «Dead Мороз», «Мы станем сильней!», «Родная зямля», «Я нарадзіўся тут».
- Музыкаў Tor Band затрымалі 28 кастрычніка 2022 году. 31 кастрычніка агучылі вырак: Дзьмітры Галавач атрымаў 9 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу. Яўген Бурло — 8 гадоў узмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу, Андрэй Ярэмчык — 7,5 года ўзмоцненага рэжыму і 100 базавых велічыняў штрафу.
- У залежнасьці ад ролі кожнага іх абвінавацілі паводле чатырох крымінальных артыкулаў: ч. 3 арт. 130 КК («Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці»); ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»); арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»); арт. 368 КК («Абраза прэзыдэнта»). Прысуд ім вынес судзьдзя Гомельскага абласнога суду Сяргей Салоўскі.
Форум