Палітзьняволены беларускі журналіст-фрылансэр Андрэй Толчын выйшаў на волю, паведаміў у Telegram «Парламенцкі канал» дарадцы Ціханоўскай у парлямэнцкай супрацы. Паводле зьвестак Свабоды, ён выйшаў на волю па памілаваньні.
Андрэю Толчыну 64 гады, ён мае шэраг хранічных захворваньняў. Андрэй Толчын — даўні стваральнік гарадзкой газэты «Гомельскія ведамасці», да 2020 году супрацоўнічаў зь некалькімі незалежнымі СМІ Беларусі.
Толчына неаднойчы затрымлівалі і судзілі за журналісцкую дзейнасьць з 2017 году. Апошні раз яго затрымалі 23 верасьня 2023 году. На наступны дзень пасьля затрыманьня ў кватэры, дзе ён жыў з жонкай, правялі ператрус. Сьледчыя забралі кампутарную тэхніку ды іншыя лічбавыя носьбіты. Андрэй Толчын даглядаў хворую сястру, якая памерла прыкладна за тыдзень-два да ягонага затрыманьня.
21 сакавіка судзьдзя Дзьмітры Казлоў прысудзіў яму 2 гады і 6 месяцаў калёніі за «паклёп» у дачыненьні Лукашэнкі і за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
У няволі ягоны стан здароўя моцна пагоршыўся.
Праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў сёньня, што выйшаў на волю па памілаваньні таксама Сяргей Мардзіловіч . Ён працаваў мэнэджэрам у міжнародных перавозках кампаніі «Трансглабал». Паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён камэнтаваў паведамленьні ў больш за 30 групах у Тэлеграм і нібыта пакінуў 43 тысячы камэнтароў, а таксама перадаваў зьвесткі аб сваім былым аднаклясніку-сілавіку ў «Чорную кнігу Беларусі». Мардзіловіч мае двух дзяцей. 31 ліпеня 2023 году над ім пачаўся суд паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (абраза прэзыдэнта), арт. 391 (абраза судзьдзі ці народнага засядацеля), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады).
16 верасьня стала вядома, што па новым указе Лукашэнкі на волю выходзяць яшчэ 37 палітвязьняў, асуджаных паводле пратэставых артыкулаў.
Вядомыя прозьвішчы ўжо 25 зь іх: Аляксандар Фікаў, Тацяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун, Кацярына Джыг (падрабязьней пра іх па спасылцы), Зоя Баранава, Аляксандар Пасьцярняк, Аляксандар Емяльянаў, Уладзіслаў Папоў, Ігар Барысаў, Аляксандар Жандораў, Сяргей Мацюхевіч, Яўген Нарэйка, Андрэй Астрацоў і Віталь Чарнавусаў (падрабязьней па спасылцы), Аляксандар Рукойць, Аляксандар Пугач, Дзьмітры Кушалевіч, Алег Завадскі, Аляксандар Жук, Мікалай Амельчанка, Дзьмітры Сінюта, Сяргей Мазоль, Віталь Санько, Андрэй Рамановіч (падрабязьней па спасылцы).
- 16 верасьня стала вядома, што па новым указе Лукашэнкі на волю выходзяць яшчэ 37 палітвязьняў, асуджаных паводле пратэставых артыкулаў. Паведамляецца, што сярод іх шэсьць жанчын, а таксама людзі з хранічнымі захворваньнямі, інваліднасьцю, пэнсіянэры.
- З 3 ліпеня гэта чацьвёртая хваля памілаваньня палітзьняволеных. Паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», за гэты час на волю па памілаваньні агулам выйшлі 115 чалавек.
- Па стане на 17 верасьня ў Беларусі цяпер 1349 палітвязьняў, прызнаных такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў можа быць большая.
Форум