Дзяржаўныя СМІ паведамляюць, што Аляксандар Лукашэнка 16 верасьня падпісаў указ аб памілаваньні напярэдадні дзяржаўнага сьвяткаваньня «Дня народнага адзінства» 17 верасьня. Паводле ўладных крыніц, гаворка ідзе пра людзей, «асуджаных за злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці». Такой фармулёўкай рэжым Лукашэнкі звычайна апісвае ўдзельнікаў агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пратэстаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне 2022 году.
У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі назвалі звальненьне палітвязьняў «чарговым жэстам гуманізму з боку дзяржавы».
«Сярод памілаваных — 6 жанчын, шэраг памілаваных маюць хранічныя захворваньні, зьяўляюцца інвалідамі, пэнсіянэрамі. Усе яны раскаяліся і прасілі даць ім магчымасьць вярнуцца на волю, весьці законапаслухмяны лад жыцьця», — адзначаецца ў паведамленьні.
Хадайніцтвы асуджаных дадаткова вывучала камісія, якую ачольвае генэральны пракурор Андрэй Швед.
Экс-рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і "Беларусь галаўнога мозгу" Раман Пратасевіч агучыў у сваім тэлеграм-канале 5 імёнаў з 37 палітвязьняў, вызваленых сёньня ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
Паводле ягонае інфармацыі, сярод вызваленых: Аляксандар Фікаў, Тацяна Біруля, Анжэла Сікорская, Міхаіл Корзун і Кацярына Джыг.
Рашэньне Лукашэнкі пракамэнтаваў кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», намесьнік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка:
«Не трэба сябе падманваць „памілаваньнямі“ палітвязьняў. Па-першае, гэта глыбока памылковы тэрмін у дачыненьні да дзеяньняў Лукашэнкі. Нельга памілаваць ні ў чым не вінаватых людзей, якіх ты кінуў за краты па фальшывых, палітыка-матываваных прысудах.
Па-другое, важна, што людзі выходзяць з турмаў, аднак гэтыя людзі знаходзяцца на волі вельмі ўмоўна, у стане моцна абмежаваных правоў і пад пэрманэнтным кантролем сілавых ведамстваў. Яны застаюцца рэпрэсаванымі.
А па-трэцяе, „памілаваўшы“ адных, рэжым Лукашэнкі кінуў за краты іншых беларусаў і распачаў яшчэ сотні крымінальных справаў. Рэпрэсіі не спыніліся, ні якасна, ні колькасна. Яны, наадварот, нарастаюць. Лукашэнка асабіста і адкрыта патрабуе дзякаваць яму за гэтыя „акты гуманізму“ — і вось ужо асобныя прадстаўнікі дэмсілаў паўтараюць яго словы.
Я думаю, што нехта павінен назваць рэчы сваімі імёнамі і сказаць, што гэта называецца ніяк інакш, чым „стакгольмскі сындром“».
Лідэрка дэмакратычных сіл Беларусі Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавалі навіну пра вызваленне яшчэ 37 палітзьняволеных:
«Сёньня мы дазналіся пра вызваленьне яшчэ 37 палітвязьняў. Я радуюся за кожную сям'ю, якая пасьля такіх цяжкіх выпрабаваньняў атрымае доўгачаканае шчасьце быць разам. У той жа час праваабаронцы працягваюць атрымліваць інфармацыю пра новыя допыты, арышты, тэрміны і штрафы. Зьяўляюцца новыя палітвязьні. Рэжым кажа пра народнае адзінства, але пры гэтым падзяляе людзей на “сваіх“ і “чужых“ і працягвае біць “чужых“, а часам і “сваіх“ – каб іншыя баяліся. Рэжым спрабуе стварыць ілюзію, нібыта вызваляе «злачынцаў». Але яны не ўчынялі ніякіх злачынстваў – толькі мелі сьмеласьць мець свае перакананьні. І пакуль хоць адзін чалавек застаецца за кратамі, мы працягнем рабіць усё, што магчыма, каб кожны выйшаў на волю і вярнуўся дадому».
- Па дадзеных праваабарончага цэнтра "Вясна", з 3 ліпеня на волю па памілаваньні выйшла 115 чалавек. З іх праваабаронцам вядомы 57 прозьвішчаў палітвязьняў, якія, як і раней, не апублічваюцца.
- У Беларусі зараз 1.359 чалавек прызнана палітычнымі зняволенымі.
Форум