Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці яшчэ пяць чалавек асудзілі за пратэсты 2020 году. Адзін зь іх ужо сядзіць за «палітыку»


У Берасьці 16 верасьня скончыўся разгляд справы пяці мясцовых жыхароў, якіх абвінавачвалі ў групавых пратэстах 10 жніўня 2020 году. Усім пяцярым прызначылі тэрміны ў калёніі, паведаміла прэс-служба Берасьцейскага абласнога суду.

Справу з 9 верасьня разглядаў судзьдзя Андрэй Грушко ў Ленінскім судзе Берасьця. У выніку 16 верасьня ён прысудзіў берасьцейцам наступныя тэрміны ў калёніі агульнага рэжыму:

  • Генадзь Васілюк — 2 гады з улікам неадбытага папярэдняга («палітычнага») тэрміну;
  • Дзяніс Андрашчук, Мікалай Пратасевіч, Раман Парфёнаў — 1 год і 6 месяцаў;
  • Ганна Васілюк — 1 год.

Усім ім паставілі ў віну ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Сутнасьць абвінавачаньня палягае ў тым, што яны 10 жніўня 2020 году ў Берасьці «выкрыквалі лёзунгі, сьвісталі, пляскалі ў далоні, дэманстравалі палотны бел-чырвона-белага колеру, выходзілі на праезную частку». Гэта значыць, людзей судзяць за рэалізацыю права на мірны пратэст, падкрэсьліваюць праваабаронцы «Вясны». Паводле дзяржаўнага абвінавачваньня, яны нібыта груба парушалі грамадзкі парадак.

Як піша «Берасьцейская вясна», Генадзь Васілюк і Ганна Васілюк — муж і жонка. 57-гадовы Генадзь Васілюк прызнаны палітвязьнем: у лютым 2024 году яму ўжо прысудзілі паўтара года калёніі за тры «падабайкі» ў «Одноклассниках», якія абвінавачаньне палічыла «распаўсюджваньнем паклёпу на Лукашэнку».

Праваабаронцам ужо вядома пра 53 асуджаных паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу за берасьцейскія пратэсты, якія праходзілі 10 жніўня 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG