Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі падтрымала ў першым чытаньні прапанаваны Аляксандрам Лукашэнкам праект закону, які прадугледжвае зьмену кодэксаў у пытаньнях крымінальнай адказнасьці.
Як паведамілі ў Telegram-канале Палаты прадстаўнікоў, праект закону прадугледжвае «пашырэньне кола злачынстваў, за якія грамадзяне Беларусі будуць несьці крымінальную адказнасьць пры іх учыненьні за межамі краіны. У гэты пералік, у прыватнасьці, уключылі злачынствы тэрарыстычнай накіраванасьці, дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, абразу або паклёп датычна прэзыдэнта і зьдзек зь дзяржаўных сымбаляў».
У той жа час падтрымалі зьмены, якія абмяжоўваюць пакараньне пазбаўленьнем волі жанчын і самотных мужчын, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў або дзяцей-інвалідаў, а таксама інвалідаў першай групы, што ўпершыню ўчынілі злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадзкай небясьпекі, або менш цяжкае злачынства, не зьвязанае з гвалтам або пагрозай гвалту (за выключэньнем асоб, якія ўчынілі злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасьці» — такой фармулёўкай рэжым Лукашэнкі звычайна апісвае дзеяньні ўдзельнікаў агульнанацыянальных пратэстаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і пратэстаў супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне 2022 году. — РС). Аналягічнае абмежаваньне будзе дзейнічаць датычна асобаў, якія ўчынілі гэтыя злачынствы ва ўзросьце да 18 гадоў.
Апроч таго, праект закону прадугледжвае альтэрнатыўныя меры пакараньня (арышт) за набыцьцё ці захоўваньне наркотыкаў бяз мэты збыту і абмежаваньня волі за разавыя выпадкі збыту наркотыкаў. Прапануюць таксама скараціць мінімальнае пакараньне за збыт наркотыкаў у складзе арганізаванай групы з 10 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Адпаведныя зьмены ўнясуць у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны, Крымінальна-выканаўчы кодэксы, а таксама ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях і ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях.
Паводле працэдуры, зьмены ўнясуць пасьля поўнага разгляду на ўсіх этапах — у другім чытаньні ў Палаце прадстаўнікоў, потым — у Савеце Рэспублікі, і ўрэшце — пасьля падпісаньня Аляксандрам Лукашэнкам.
Форум