Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Дзьмітро Лубінец заклікаў ААН, Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа (МКЧК) і іншыя міжнародныя арганізацыі зафіксаваць чарговае ваеннае злачынства расейскіх вайскоўцаў, якія з асаблівай жорсткасьцю забілі ўкраінскага палоннага.
«Узровень барбарства і крыважэрнасьці немагчыма асэнсаваць. Такія дзеяньні зьяўляюцца грубым парушэньнем Жэнэўскай канвэнцыі аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі. Колькі яшчэ сьвет будзе глядзець, як Расея адкрыта дэманструе зьнявагу да любых нормаў і законаў? Накіраваў лісты да міжнародных арганізацый, МКЧК і ААН, каб яны зафіксавалі чарговае парушэньне правоў чалавека з боку Расеі», — паведаміў Дзьмітро Лубінец.
Украінскі амбудсмэн перакананы, што такія паказальныя забойствы «накіраваныя на дэмаралізацыю ўкраінскага грамадзства».
У той жа час невядома, дзе і калі адбылося гэтае забойства, калі яно мела месца. Ва ўмовах вайны і адсутнасьці доступу да месцаў баявых дзеяньняў немагчыма спраўдзіць інфармацыю.
Летась ААН пацьвердзіла шэсьць выпадкаў пакараньняў сьмерцю ўкраінскіх ваеннапалонных.
У пачатку 2024 году ва Ўкраіне расьсьледавалі 19 крымінальных спраў па фактах забойства 45 украінскіх ваеннапалонных. Раней зафіксавалі і пацьвердзілі факты расстрэлу і абезгалоўліваньня бяззбройных украінскіх палонных.
Форум