Прэзыдэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў заявіў канцлеру Оляфу Шольцу, які знаходзіцца ў краіне зь візытам, што расейскія вайскоўцы «ня могуць быць пераможаныя» ў вайне супраць Украіны, і замест гэтага заклікаў падтрымаць мірныя пляны, якія прапаноўваюць Кітай і Бразылія, аднак нямецкі лідэр хутка адхіліў гэтую прапанову.
«Гэта факт, што Расею немагчыма перамагчы ў ваенным сэнсе», — заявіў Такаеў 16 верасьня Шольцу, які знаходзіцца ў Астане ў рамках сваёй гістарычнай паездкі ў Цэнтральную Азію. На думку Такаева, «далейшая эскаляцыя вайны прывядзе да непапраўных наступстваў для ўсяго чалавецтва, і перш за ўсё для краін, уцягнутых у расейска-ўкраінскі канфлікт».
Шольц не пагадзіўся з прапановай Такаева, заявіўшы, што Бэрлін аказвае падтрымку Кіеву, бо Расея ўварвалася ва Ўкраіну, ажыцьцявіўшы несправакаваны напад у лютым 2022 году.
«Так ідзе справа і так будзе працягвацца, каб краіна магла абараніць сябе і захаваць сваю цэласнасьць і сувэрэнітэт, — сказаў Шольц, дадаўшы, што Расея „працягвае нападаць на Ўкраіну з вялікай агрэсіяй“. — І менавіта таму гэта тое, што ніколі нельга ігнараваць ва ўсіх нашых абмеркаваньнях. Менавіта Расея ня толькі пачала вайну, але і працягвае яе і можа ў любы момант спрыяць яе спыненьню, спыніўшы сваю агрэсію».
У чэрвені больш за 90 краін сустрэліся на першай мірнай канфэрэнцыі па Ўкраіне, арганізаванай Швайцарыяй. Расею на канфэрэнцыю не запрасілі, а яе саюзьнік Кітай адмовіўся прысутнічаць. Украіна на ёй агучыла мірную прапанову, якая патрабуе вываду расейскіх войскаў зь яе тэрыторыі. Іншыя краіны, уключаючы Кітай і Бразылію, настойвалі на пагадненьнях, якія дазволілі б Крамлю ўтрымліваць некаторыя захопленыя ўкраінскія землі (што катэгарычна адпрэчылі ў Кіеве).
Казахстан, былая савецкая рэспубліка з насельніцтвам каля 20 мільёнаў чалавек, доўгі час быў блізкім саюзьнікам Расеі, хаця ўрад выказваў некаторую занепакоенасьць з нагоды дамаганьняў Крамля на ўкраінскую тэрыторыю і спрабаваў падтрымліваць добрыя адносіны з Захадам.
«З пачаткам вайны на Ўкраіне ў Цэнтральнай Азіі зьявіўся шанец перастроіцца ў камфортнай геапалітычнай прасторы, — заявіў у інтэрвію Радыё Свабода ў жніўні Люка Анчэскі, выкладчык Унівэрсытэту Глазга. — Яны спрабуюць заявіць, што яны не на баку Расеі ва Ўкраіне, як Беларусь, але яны і не з Украінай. У іх ёсьць сувязі з Захадам, але яны не празаходнія».
Нямеччына аказала Ўкраіне фінансавую падтрымку, але запрацівілася пастаўкам Кіеву цяжкага ўзбраеньня, у тым ліку танкаў.
Трохдзённая паездка Оляфа Шольца пачалася ва Ўзбэкістане 15 верасьня і працягнецца ў Казахстане 16-17 верасьня для ўдзелу ў другой сустрэчы фармату Цэнтральная Азія плюс Нямеччына, які запусьцілі год таму ў Бэрліне. Чакаецца, што на саміце з удзелам кіраўнікоў дзяржаў Казахстана, Кіргізстану, Таджыкістану, Туркмэніі і Ўзбэкістану асноўную ўвагу засяродзяць на пытаньнях энэргетыкі, а таксама больш шырокіх перамовах у пытаньнях эканомікі і разьвіцьця.
Нямеччына даўно зацікаўленая ў разьвіцьці энэргетычных адносін з краінамі Цэнтральнай Азіі, аднак поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну яшчэ больш падштурхнула Нямеччыну і іншыя эўрапейскія дзяржавы да пошуку імпарту энэрганосьбітаў і карысных выкапняў у іншых месцах.
Казахстан, найбуйнейшую і найбагацейшую зь пяці краін, абвінавачваюць у няздольнасьці належным чынам забясьпечыць выкананьне санкцый у дачыненьні да Расеі. Аднак энэргетычнае супрацоўніцтва з Казахстанам разьвіваецца. Сырая нафта з Казахстану пачала паступаць летась па трубаправодзе «Дружба» з паўднёвага расейскага рэгіёну Татарстан празь Беларусь і Польшчу ў Нямеччыну ў рамках развароту, закліканага кампэнсаваць скарачэньне паставак расейскай нафты.
Такаеў высока ацаніў сустрэчу з канцлерам Нямеччыны і сказаў, што яна дапаможа вывесьці адносіны паміж краінамі на «новы ўзровень». «Наша двухбаковае супрацоўніцтва будзе пашырацца ў духу стратэгічнага партнэрства», — дадаў ён.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch раней заклікала Шольца адстойваць правы чалавека ў рэгіёне падчас сваёй гістарычнай паездкі ў Цэнтральную Азію, указаўшы на праблемы з правамі чалавека, якія застаюцца ў рэгіёне, уключаючы «задушэньне права на пратэст і выказваньне думак, у тым ліку ў Інтэрнэце, турэмнае зьняволеньне актывістаў, катаваньні ў месцах утрыманьня пад вартай, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, гвалт у дачыненьні да жанчын, беспакаранасьць злоўжываньняў з боку сілаў бяспекі і адсутнасьць свабодных і справядлівых выбараў».
Форум