Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка: 90% сёньняшніх чыноўнікаў змогуць застацца ў дзяржаўным апараце новай Беларусі


Павал Латушка, архіўнае фота
Павал Латушка, архіўнае фота

У новы дзяржаўны апарат не павінны трапіць толькі чыноўнікі з вышэйшай кадравай рэзэрвы Александра Лукашэнкі і толькі ў тым выпадку, калі яны зьдзейсьнілі злачынствы, заявіў намесьнік кіраўніцы Аб’яднага пераходнага кабінэту Павал Латушка.

Такую думку былы міністар культуры Беларусі Павал Латушка выказаў падчас дыскусіі «Як стварыць у дэмакратычнай Беларусі сучасны нацыяльна-арыентаваны дзяржапарат, судовую сыстэму і сілавыя ведамствы?», якая адбылася ў рамках «Стратэгічнай анты-канфэрэнцыі «Belarusian ID Revival Days» («Дні адраджэньня беларускай ідэнтычнасьці») 15 верасьня ў Варшаве, паведамляе «Позірк».

«Павінны ісьці суды, і суды будуць вырашаць», — сказаў Латушка.

Думку пра будучыню сёньняшніх чыноўнікаў Латушка выказаў, адказваючы на пытаньне мадэратара дыскусіі Зьмітра Міцкевіча, які адзначыў, што не даверыў бы некаторым зь іх «агарод ускапаць», і запытаўся: «Які адсотак з гэтага дзяржаўнага апарату можа быць уключаны ў апарат новай Беларусі?»

Латушка прыгадаў, што ў 2020 годзе прадстаўнікі Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку працяглы час кансультаваліся, як «упісаць у канцэпцыю нацыянальнай бясьпекі нацыянальнае пытаньне». Ён лічыць, што ў такой сытуацыі «яшчэ ня ўсё страчана».

Да прабеларускіх палітыкаў ён аднёс, у прыватнасьці, тых, хто ў часы, калі ён узначальваў Купалаўскі тэатар, прыходзіў на спэктаклі. Сярод іх ён прыгадаў шэраг былых чыноўнікаў, у прыватнасьці экс-старшыню Сьледчага камітэту Івана Наскевіча. «Ёсьць гэта ўнутры беларускіх чыноўнікаў», — перакананы прадстаўнік АПК.

Латушка прапанаваў таксама падзяліць чыноўнікаў на тры катэгорыі: прарасейскія (якія «павінны сысьці», але «як вызначаць?»), і дзьве катэгорыі прадзяржаўных (тыя, каму блізкае нацыянальнае адраджэньне, і тыя, каму не).

«90% павінны працаваць», — лічыць Павал Латушка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG