Пра гэта піша часопіс Forbes.
Камісія, створаная Арганізацыяй цюрскіх дзяржаваў, узгадніла праект адзінага альфабэту на аснове лацінкі, паведаміў турэцкі тэлеканал TRT. «У выніку самаадданай працы было дасягнутае пагадненьне па прапанове аб агульным цюрскім альфабэце, які складаецца з 34 літараў», — гаворыцца ў заяве Цюрскай акадэміі, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў сталіцы Казахстану Астане.
Пасяджэньне камісіі ў Баку прайшло пры супрацоўніцтве Цюрскай акадэміі і Інстытуту турэцкай мовы. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі Азэрбайджану, Казахстану, Кіргізстану, Турэччыны і Ўзбэкістану. У якасьці назіральнікаў у арганізацыі ўдзельнічаюць Туркмэністан і Вугоршчына.
Пасьля рашэньня камісіі цюрскія дзяржавы зацьвердзяць свае нацыянальныя альфабэты на базе агульнацюрскага альфабэту, паведаміў сябра камісіі, загадчык катэдры агульнага мовазнаўства Бакінскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Нізамі Джафараў.
Ён прызнаў, што 34 літары ў прынятым агульнацюрскім альфабэце ёсьць не ва ўсіх цюрскіх мовах, але нават калі нязначная розьніца і ёсьць, то «яна будзе ліквідаваная». «Вялікіх праблем тут няма. Самая вялікая праблема ў тым, калі казахі і кіргізы пяройдуць на лацінку», — падкрэсьліў ён.
Праект адзінага цюрскага альфабэту на аснове лацінкі быў упершыню прапанаваны ў 1991 годзе. На пасяджэньні ў Баку экспэрты прадставілі дапрацаваны варыянт.
Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заклікаў краіну рыхтавацца да пераходу на лацінку ў 2012 годзе. У 2017-м ён падпісаў указ аб паэтапным пераходзе альфабэту казаскай мовы з кірыліцы на лацінку. У 2023 годзе новы прэзыдэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў пра грубыя памылкі, дапушчаныя пры спробе як мага хутчэй завяршыць пераход.
Варта дадаць , што беларуская лацінка — адзін з двух беларускіх нацыянальных альфабэтаў поруч з кірыліцай. Па-беларуску пачалі пісаць лацінкай прыблізна ў XV стагодзьдзі. Ёю пісалі і Дунін-Марцінкевіч, і Багушэвіч, і Янка Купала. Браніслаў Тарашкевіч перш выдаў сваю славутую «Беларускую граматыку» лацінкай, а потым кірыліцай.
Форум