Пра гэта заявіў міністар інфармацыі Марат Маркаў падчас прэзэнтацыі мультымэдыйнага партала Videobel.by, паведамляе БЕЛТА.
«Давайце мы ня будзем гаварыць сёньня, што мы хочам забараніць YouTube. Таму што нават такая пастаноўка пытаньня не зусім правільная. Мы будзем выкарыстоўваць усе інструмэнты, якія на сёньняшні дзень працуюць нам на карысьць, да таго часу, пакуль яны працуюць нам на карысьць. Як толькі мы адчуем пагрозу з боку любога пастаўшчыка паслугі, мы будзем адэкватна дзейнічаць.
Але сёньня не стаіць задача закрываць самім. Мы робім свой партал не для таго, каб нешта замяніць, а для таго, каб, калі нас „абрэжуць“, не застацца без інструмэнтаў інфармацыйнага ўзьдзеяньня», — патлумачыў Маркаў.
Міністар інфармацыі заявіў, што ў беларускай інфармацыйнай прасторы дамінуюць беларускія дзяржаўныя СМІ: «Папулярнасьць дзяржаўных тэлеканалаў, СМІ за апошнія два гады — а гэта сацыялягічныя дасьледаваньні паказваюць — вырасла амаль у паўтара раза. Гэта сьведчыць пра тое, што нам давяраюць. І ўнутры мы забясьпечваем інфармацыйную бясьпеку. Задача — вонкі данесьці».
Маркаў падкрэсьліў, што зачыняць якія-небудзь пляцоўкі ня варта. «А вось адэкватна дзейнічаць, калі на нас будуць нападаць, паверце мне, Міністэрства інфармацыі здолее», — сказаў ён.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў турмы з палітычных прычын трапілі дзясяткі незалежных беларускіх журналістаў. МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі шэраг замежных СМІ ў краіне, а практычна ўсе непадкантрольныя ўладам грамадзка-палітычныя мэдыя былі абвешчаныя экстрэмісцкімі. Гэта зрабіла іх працу ў Беларусі немагчымай.
Форум