Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіну на чарговы крымскі саміт зьяжджаюцца першыя асобы краін Эўропы і ЗША


Энтані Блінкен і Дэвід Лэмі на чыгуначным вакзале ў Кіеве 11 верасьня 2024 году. Фота AFP
Энтані Блінкен і Дэвід Лэмі на чыгуначным вакзале ў Кіеве 11 верасьня 2024 году. Фота AFP

Першы саміт адбыўся ў 2021 годзе.

У Кіеў прыбылі дзяржаўны сакратар ЗША і міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Энтані Блінкен і Дэвід Лэмі.

Як паведаміла ўкраінскае інфармацыйнае агенцтва РБК-Україна, яны разам прыбылі на цягніку з Польшчы. Гэта іх першая супольная паездка за апошнія гады.

Перад гэтым Энтані Блінкен наведаў Лёндан зь візытам, дзе правёў асобную сустрэчу зь міністрам замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвідам Лэмі. На ёй, як ён паведаміў на сваёй старонцы на плятформе Х, абмеркавалі важнасьць дачыненьняў паміж краінамі, а таксама падтрымку Ўкраіны.


У Кіеў раніцай прыбыў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа. «Вайсковая і эканамічная падтрымка Ўкраіны мае вырашальнае значэньне для абароны яе сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці», — напісаў ён на сваёй старонцы ў Х.

Ва ўкраінскай сталіцы таксама ўжо сустрэлі кіраўніка Сэнату Чэхіі Мілаша Выстрчыла, прэм’ер-міністарку Латвіі Эвіку Сіліню, кіраўніка ўраду Харватыі Андрэя Пленкавіча, кіраўніка парлямэнту Малдовы Ігара Гросу.

Ва Ўкраіне 11 верасьня павінен адбыцца чацьвёрты саміт міжнароднай ініцыятывы «Крымская плятформа», заснаванай у 2021 годзе 47 краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Летась у саміце ўдзельнічалі ўжо 63 дзяржавы і міжнародныя арганізацыі. Плятформу стварылі для садзейнічаньня дэакупацыі Крыму, прыцягненьня ўвагі да парушэньня Расеяй правоў чалавека на паўвостраве, а таксама для ўзмацненьня эўрапейскай і глябальнай бясьпекі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG