Пра гэта паведамляе выданьне «Інтэрфакс-Украіна».
«Калі я размаўляла са сваімі калегамі ва Ўкраіне, я ясна дала зразумець, што мы рыхтуемся да таго, што транзытнае пагадненьне паміж Украінай і Расеяй скончыцца ў канцы сьнежня гэтага году. Мы знайшлі альтэрнатыўныя маршруты паставак, і краіны-чальцы або іх кампаніі, якія ўсё яшчэ атрымліваюць газ з Расеі, фактычна атрымалі два дадатковыя гады ў параўнаньні зь іншымі кампаніямі, якім Расея спыніла пастаўкі ўжо ў 2022 годзе», — заявіла эўракамісарка у сераду ў Брусэлі на прэсавай канфэрэнцыі.
Пры гэтым Сімсан заявіла, што газатранспартная інфраструктура Ўкраіны таксама зьяўляецца часткай інфраструктуры ЭЗ, паколькі частка эўрапейскага газу захоўваецца ў сховішчах Украіны, «якія забясьпечваюць нам дадатковыя магутнасьці».
«Украіна таксама зьяўляецца вытворцам газу, таму іх інфраструктура па-ранейшаму мае каштоўнасьць. Але маё паведамленьне вельмі яснае: няма неабходнасці знаходзіць нейкія новыя шляхі для працягу гандлю з „Газпромам“», — заявіла яна.
Сімсан таксама спаслаўся на словы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, які ў канцы жніўня заявіў, што «Ўкраіна не зацікаўленая ў працягу транзытнага кантракту з Расеяй», і што эўрапейскія кампаніі маюць права карыстацца ўкраінскай інфраструктурай.
Па словах эўракамісаркі, яе «галоўная місія — заахвоціць кампаніі, якія ўсё яшчэ атрымліваюць расейскі трубаправодны газ, таму што ў іх былі падпісаныя кантракты да пачатку вайны, выбіраць больш прадказальныя альтэрнатывы».
Сімсан таксама прывяла лічбы, якія паказваюць, што доля расейскага газу ў імпарце ЭЗ зьнізілася з 45% у 2021 годзе да 18% ў чэрвені 2024 году, у той час як імпарт ад надзейных партнэраў, такіх як Нарвэгія і ЗША, вырас. Акрамя таго, ЭЗ зьнізіў попыт на газ у пэрыяд са жніўня 2022 году па травень 2024 году на 138 мільярдаў кубамэтраў.
«19 жніўня 2024 году ЭЗ дасягнуў 90% сваёй мэты па зімовых сховішчах газу, задоўга да крайняга тэрміну 1 лістапада, а цэны на энэрганосьбіты больш стабільныя і застаюцца значна ніжэйшымі за пікавыя ўзроўні энэргетычнага крызісу 2022 году», — адзначыла яна.
Форум