Жанчыну прызналі вінаватаю паводле артыкула «Шпіянаж», які прадугледжвае мінімальна 5 гадоў турмы. Нягледзячы на гэта, Дар’і А. прызначылі выключна малы тэрмін.
«Дар’я А. была асуджаная на турэмнае зьняволеньне тэрмінам 1 год 8 месяцаў з надзвычайным зьмякчэньнем. Пэрыяд часовага затрыманьня і ўтрыманьня пад вартаю з 20.12.2023 па 10.09.2024 быў залічаны ў тэрмін пакараньня», — сказалі «Белсату» ў прэсавай службе Акруговага суду Варшава-Прага.
Пры гэтым суд скасаваў меру стрыманьня ў выглядзе ўтрыманьня пад вартаю:
«Суд пастанавіў вызваліць яе. Пастанова накіраваная ў СІЗА, і калі няма падставаў для далейшага ўтрыманьня пад вартаю з увагі на іншую справу, Дар’я А. цяпер на волі».
Чаму суд вынес такі мяккі вырак і пастанавіў вызваліць асуджаную, пакуль не вядома. Гэта будзе пазначана ў матывіровачнай частцы прысуду, які пакуль не абнародаваны, і ў прэсавай службе тлумачэньняў не даюць.
Дар’ю А., якую западозрылі ў працы на КДБ, затрымалі ў Лодзі недалёка ад Варшавы. Паводле Нацыянальнай пракуратуры Польшчы, жанчына перадавала беларускай спэцслужбе «інфармацыю пра дзейнасьць, структуру і фінансаваньне арганізацыяў, якія падтрымоўваюць беларускую апазыцыю».
«Ілжывая інфармацыя падарвала інтарэсы Польшчы і польскай замежнай палітыкі ў падтрыманьні дэмакратычнай беларускай апазыцыі і прывяла да дэстабілізацыі стасункаў паміж Польшчаю і Беларусьсю», — казалі ў пракуратуры.
Партал «Люстэрка» раней пісаў, што Дар’я А. жыла ў Баранавічах, з 2018 году кантактавала з рознымі апазыцыйнымі арганізацыямі, цікавілася іх дзейнасьцю і прапаноўвала сваю дапамогу. Перад выбарамі 2020 году была каардынатаркай кампаніі «Гавары праўду» і даверанай асобаю кандыдата Андрэя Дзьмітрыева.
Увосень летась яна пераехала ў Польшчу, спрабавала наладжваць кантакты з актывістамі беларускай дыяспары, трапляць у беларускія арганізацыі, прапаноўваючы валянтэрскую дапамогу, зьбірала інфармацыю пра «Паспалітае рушэньне», пра беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне і тых, хто ім дапамагае.
Паводле неафіцыйных зьвестак, пра злачынства беларускі стала вядома, калі яна ў нецьвярозым стане прагаварылася знаёмым, чым насамрэч займаецца ў Польшчы.
Форум