Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple і Google прайгралі суды аб мільярдных штрафах


Эўрапейскі суд пастанавіў, што кампанія Apple павінна выплаціць штраф 13 млрд эўра, а Google — 2,4 млрд эўра. Рашэньні, вынесеныя найвышэйшым судом Эўразьвязу, канчатковыя.

Амэрыканскія канцэрны Apple і Google канчаткова пацярпелі паразы ў судовым разборы аб шматмільярдных штрафах. Эўрапейскі суд у Люксэмбургу ў аўторак адмяніў рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі на карысьць Apple і стаў на бок Эўракамісіі.

Пра гэта паведамляе DW.

Працяглы судовы разбор вёўся наконт падатковых ільготаў, дадзеных Apple Ірляндыяй. Эўракамісія палічыла гэтыя льготы парушэньнем правілаў сумленнай канкурэнцыі. У 2016 годзе рэгулятар запатрабаваў ад Apple сплаціць штраф у памеры 13 млрд эўра плюс пеню. З таго часу гэтыя грошы ляжаць на траставым рахунку.

Штраф канцэрну Google

Што тычыцца Google, то Эўрапейскі суд пастанавіў, што гэты канцэрн павінен сплаціць штраф у памеры 2,4 млрд эўра. Паводле заключэньня суду, амэрыканскі інтэрнэт-гігант з дапамогай уласнага сэрвісу параўнаньня пакупак забясьпечыў сабе несправядлівыя перавагі і тым самым злоўжыў сваім паноўным становішчам на рынку.

Эўракамісія наклала на Google штраф у памеры 2,4 млрд эўра ў 2017 годзе, патлумачыўшы гэта тым, што Google на старонцы пошуку ставіць вынікі ўласнага сэрвісу на першыя месцы, забясьпечваючы іх ня толькі тэкстам, але і карцінкамі, у той час як вынікі альтэрнатыўных сэрвісаў прыводзяцца ніжэй у выглядзе простых спасылак.

У выніку Эўракамісія зрабіла выснову, што карыстальнікі значна часьцей клікаюць на вынікі сэрвісу Google, чым на вынікі канкурэнтаў, якія да таго ж залежаць ад аб’ёму трафіку на галоўнай старонцы Google, каб забясьпечыць сабе посьпех. Тым самым Google злоўжыў дамінуючым становішчам на рынку, канстатаваў рэгулятар у 2017 годзе.

Іншыя штрафы Google

Эўракамісія ў апошнія гады наклала на Google адразу некалькі мільярдных штрафаў, але яны — дзякуючы росквіту бізнэсу інтэрнэт-гіганта на онлайнавай рэкляме — амаль ня склалі для яго праблем.

Ужо на наступным тыдні Эўрапейскі суд разгледзіць судовую спрэчку Google з Эўракамісіяй аб спагнаньні з амэрыканскага канцэрна штрафу ў памеры 1,5 млрд эўра за парушэньне правілаў канкурэнцыі пры складаньні рэклямных кантрактаў. У Брусэлі прыйшлі да высновы, што Google незаконна перашкаджаў іншым пастаўнікам у разьмяшчэньні рэклямы ў пошукавых сыстэмах сэрвісу AdSense for Search.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG