Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША: перадача іранскіх балістычных ракет у Расею пагражае міжнароднай бясьпецы


Іранскія балістычныя ракеты «Фатх-360», ілюстрацыйнае фота
Іранскія балістычныя ракеты «Фатх-360», ілюстрацыйнае фота

Злучаныя Штаты «надзвычай устрывожаныя» паведамленьнямі аб тым, што Тэгеран адправіў у Расею сотні балістычных ракет малой далёкасьці «Фатх-360» для выкарыстаньня іх у ваеннай агрэсіі супраць Украіны, паведамляе Голас Амэрыкі.

Сам факт такіх паставак зьяўляецца «рэзкай эскаляцыяй» падтрымкі Іранам «агрэсіўнай вайны, якую Расея вядзе супраць Украіны», заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Вэдант Патэль 9 верасьня.

«Мы надзвычай устрывожаныя гэтымі паведамленьнямі... Нашы партнэры па G7 і NATO ясна далі зразумець, што мы гатовыя да значных наступстваў», — заявіў Патэль, адзначыўшы рост «занепакоенасьці з нагоды паглыбленьня партнэрства ў галіне бясьпекі паміж Расеяй і Іранам з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня» Масквы ва Ўкраіну.

Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян, паводле прадстаўніка Дзярждэпартамэнту, «публічна заяўляе, што паляпшэньне аслабленай эканомікі ягонай краіны залежыць ад паляпшэньня міжнародных адносінаў і становішча Ірану ў сьвеце. У той жа час, аднак, вы ня можаце мець і тое, і другое, паколькі... перадача ракет у цэлым пагражае міжнароднай бясьпецы і міжнароднаму парадку», таму ЗША і далей «будуць меркаваць пра Іран па ягоных дзеяньнях».

«Ня буду будаваць здагадкі аб патэнцыйных дзеяньнях, якія Злучаныя Штаты могуць ці ня могуць распачаць [у дачыненьні да дзеяньняў Тэгерана]. Дазвольце мне проста сказаць, што мы дакладна і пасьлядоўна выказваем нашу падтрымку Ўкраіне і сочым за тым, каб у яе было ўсё неабходнае для самаабароны і абароны ад нападаў, і мы працягнем абмяркоўваць тое, што патрэбна нашым украінскім партнэрам для гэтага», — дадаў Патэль.

Патэль падкрэсьліў, што падтрымка Ўкраіны стане галоўнай тэмай для размоваў падчас візыту дзяржсакратара Энтані Блінкена ў Лёндан. Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэвід Лэмі правядзе перамовы з Блінкенам у Лёндане 10 верасьня.

МЗС Украіны 9 верасьня выклікала высокапастаўленага іранскага дыплямата, каб папярэдзіць пра «разбуральныя і непапраўныя наступствы» для двухбаковых адносінаў, калі паведамленьні аб тым, што Тэгеран паставіў Расеі балістычныя ракеты, пацьвердзяцца.

  • На мінулым тыдні CNN і Wall Street Journal са спасылкай на неназваныя крыніцы паведамілі, што Іран перадаў Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці. Афіцыйны прадстаўнік Эўразьвязу Пэтэр Стана 9 верасьня назваў гэтую інфармацыю дакладнай.
  • Раней высокапастаўлены камандзір Корпуса вартавых іранскай рэвалюцыі брыгадны генэрал Фазлалах Назары заявіў, што Іран не пастаўляў Расеі ракет.
  • Заходнія і ўкраінскія афіцыйныя асобы ў мінулым заяўлялі, што існуюць неабвержныя доказы таго, што Іран пастаўляў у Расею бесьпілётнікі «Шахед».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG