Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іран паставіў Расеі балістычныя ракеты малой далёкасьці, — СМІ


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вучэбныя пускі іранскіх ракет
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вучэбныя пускі іранскіх ракет

Іран адправіў Расеі балістычныя ракеты блізкага радыюсу дзеяньня. Пра гэта са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляюць адразу некалькі заходніх СМІ: газэты The Wall Street Journal, The Times і тэлеканал CNN. У Іране перадачу ракет Расеі адмаўляюць.

Іран адгрузіў Расеі балістычныя ракеты блізкага радыюсу дзеяньня для прымяненьня іх у вайне супраць Украіны, паведаміў тэлеканал CNN, спасылаючыся на «дзьве крыніцы ў выведцы».

The Times са спасылкай на крыніцы ва ўкраінскай выведцы сьцьвярджае, што 4 верасьня грузавое судна даставіла па Касьпійскім моры 200 іранскіх ракет Fath-360 з далёкасьцю 120 кілямэтраў. Расейскія вайскоўцы пройдуць навучаньне іх выкарыстаньню на палігоне ў Астраханскай вобласьці пры ўдзеле іранскіх інструктараў, піша выданьне.

Пры гэтым прадстаўніцтва Ірану пры ААН у камэнтары CNN заявіла, што краіна не перадавала Расеі ракеты.

У МЗС Украіны заявілі, што калі інфармацыя аб пастаўцы іранскіх ракет Расеі пацьвердзіцца, гэта будзе мець «разбуральныя наступствы» для стасункаў з Іранам.

Раней афіцыйныя крыніцы ў ЗША і іншых краінах Захаду папярэджвалі пра намер Ірану адправіць ракеты ў Расею. Падрыхтоўка да выкананьня ракетнай угоды з Масквой працягвалася каля года, гаворыцца ў публікацыі CNN. Зьвесткі аб адпраўцы ракет па замове Масквы зьявіліся ў тыя дні, калі Расея ўзмацніла абстрэлы ўкраінскіх грамадзянскіх аб’ектаў.

  • Пастаўкі ракет арміі Расеі азначаюць істотнае павелічэньне падтрымкі Расеі з боку Тэгерана. Раней Іран ужо пастаўляў расейскім заказчыкам сотні дронаў Shahed, якія Расея прымяняе ў вайне супраць Украіны. Пры тэхнічным садзейнічаньні Ірану ў Расеі вядзецца будаўніцтва вытворчых магутнасьцяў для выпуску іранскіх дронаў, адзначае CNN.
  • Расейскія перамовы з Іранам аб закупцы балістычных ракет блізкага радыюсу дзеяньня пачаліся ў верасьні 2023 году. Неўзабаве кіраўнік Мінабароны Расеі Сяргей Шойгу наведаў Іран, азнаёміўшыся там з ракетным узбраеньнем Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, у прыватнасьці, балістычнымі ракетамі. Тады адбылася першая афіцыйная публічная дэманстрацыя ракет высокапастаўленаму расейскаму прадстаўніку, які афіцыйна прыбыў у Іран пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Украіну.
  • На сакавіцкім саміце групы G7 яго ўдзельнікі заявілі, што калі Іран паставіць Расеі ракеты, Захад адкажа «новымі значнымі мерамі супраць Ірану».
  • Іран адмаўляе факт пастаўкі Расеі балістычных ракет для вядзеньня вайны ва Ўкраіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG