7 верасьня ў пажары на птушкафабрыцы пад Менскам загінулі 92,8 тысячы куранят-бройлераў.
9 жніўня 2023 году загарэўся цялятнік аднаго зь сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Узьдзенскага раёну. У пажары тады загінулі 118 цялят. Днямі суд Узьдзенскага раёну прыгаварыў мясцовага зваршчыка да 1,5 года пазбаўленьня волі, прызнаўшы яго вінаватым у здарэньні, паведамляе прэс-служба СК Беларусі.
Таксама сьледчыя раскрылі акалічнасьці пажару на малочнатаварным комплексе паблізу аграгарадка Сямёнавічы Узьдзенскага раёну. Паводле сьледзтва, вінаваты быў 37-гадовы электрагазазваршчык, які рамантаваў клеткі ў цялятніку.
Сьледчым ён патлумачыў, што пры рэзаньні мэталу ўтвараліся іскры, якія падалі на падлогу, але, агледзеўшыся, ён узгараньня ня ўбачыў. Паводле сьледзтва, прычынай пажару стала мноства парушэньняў патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, што ў выніку пацягнула за сабой прычыненьне шкоды прадпрыемству ў суме звыш 100 тысяч рублёў. Акрамя гібелі 118 цялят, полымя зьнішчыла памяшканьне, а таксама маразільную скрыню і маёмасьць арганізацыі, якія там захоўваліся.
Работніку прад’явілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэксу (Парушэньне патрабаваньняў пажарнай бясьпекі, якое пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці ўзьнікненьне пажару, які нанёс шкоду чужой маёмасьці ў буйным памеры). Суд Узьдзенскага раёну асудзіў зваршчыка на 1,5 года пазбаўленьня волі з пазбаўленьнем права займацца пэўнай дзейнасьцю на 5 гадоў.
Днямі пад Менскам адбылося яшчэ адно здарэньне з гібельлю вялікай колькасьці сельскагаспадарчых жывёл. У пасёлку Акцябрскі Смалявіцкага раёну на бройлернай фабрыцы «Смалявічы бройлер» 7 верасьня загінулі дзясяткі тысяч куранят, паведамілі ў МНС Беларусі. Прычынай стаў пажар у будынку птушніка даўжынёй 90 мэтраў.
«Зьнішчаныя клеткі і абсталяваньне для ўтрыманьня птушкі, пашкоджаныя сьцены і дах будынка, загінулі 92 800 куранят-бройлераў (узрост 16 дзён)», — паведамілі ў МНС. Прычына пажару высьвятляецца.
Форум