Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы заявілі пра спыненьне дзейнасьці кібэрдывэрсантаў, якімі кіравалі беларускія і расейскія спэцслужбы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Польскія службы спынілі дзейнасьць групы дывэрсантаў, якая працавала ў кібэрсфэры, — заявіў віцэ-прэм’ер Польшчы, міністар лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі, паведамляе тэлеканал tvn24.pl.

«У беларускіх і расейскіх службаў была канкрэтная мэта — вымагаць інфармацыю, весьці індывідуальны і інстытуцыйны шантаж і дэ-факта весьці кібэрвайну», — паведаміў міністар.

Паводле Кшыштафа Гаўкоўскага, мэта групы дывэрсантаў, якімі кіравалі беларускія і польскія спэцслужбы, «заключалася ў тым, каб выклікаць параліч у палітычнай, вайсковай і эканамічнай сфэрах» Польшчы.

Па словах міністра, усё пачалося з Польскага антыдопінгавага агенцтва.

«Гэта быў элемэнт больш шырокай апэратыўнай гульні службаў, задачай якіх было выпрацаваць на яго аснове вэктары пранікненьня ў іншыя польскія ўстановы. Як на ўзроўні мясцовых органаў улады, так і на ўзроўні дзяржаўных кампаній, якія маюць дачыненьне да сфэры бясьпекі», — патлумачыў ён і дадаў, што ўсе ўстановы інфармавалі пра пагрозы.

«Па іх адкрыта апэратыўнае вядзеньне, але пастаўленая зламысьнікамі мэта — вымаганьне зьвестак і наступны шантаж — спыненая. Гэта вялікі посьпех як Агенцтва ўнутранай бясьпекі, так і Навукова-акадэмічнай кампутарнай сеткі, вядома, у супрацоўніцтве з вайсковымі службамі», — падкрэсьліў Гаўкоўскі.

Міністар унутраных спраў і каардынатар спэцыяльных службаў Томаш Семоняк запэўніў, што ўрад «робіць высновы з усіх пагрозаў і падобных сытуацый».

Паводле яго, цяпер у Польшчы хочуць прыкласьці намаганьні, каб зьмяніць некаторыя нарматыўныя акты, якія «дзейнічаюць дзесяцігодзьдзямі», каб, з аднаго боку, захаваць права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця і прынцыпы паводзінаў у Інтэрнэце, але, зь другога боку, «даць службам магчымасьць абараніць грамадзян у выпадку ўзьнікненьня пагрозаў».

  • Гэта ня першы выпадак, калі Польшча абвінавачвае грамадзян Беларусі ў дзейнасьці, скіраванай супраць бясьпекі дзяржавы. Так, 5 жніўня ў суд Варшавы перадалі справу грамадзянкі Беларусі Дар’і А., якую абвінавачваюць у шпіянажы, піша «Позірк».
  • У красавіку суд Познані прызнаў 51-гадовага грамадзяніна Беларусі, вайскоўца ў адстаўцы Андрэя Р. вінаватым у шпіянажы на карысьць Менску і прыгаварыў да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
  • 2 лютага Беластоцкі акруговы суд асудзіў расейца і беларуса на 4 гады зьняволеньня за шпіянаж на карысьць Расеі.
  • 19 сьнежня 2023 году Люблінскі акруговы суд вынес прысуд 14 замежнікам, абвінавачаным у шпіянажы на карысьць Расеі. Сярод іх былі трое грамадзян Беларусі. Арцём А. атрымаў самы працяглы тэрмін — 6 гадоў зьняволеньня, абвінавачаная Марыя М. — 1 год і 1 месяц зьняволеньня.
  • 17 чэрвеня стала вядома, што трое з асуджаных зьніклі з поля зроку ўладаў пасьля выхаду з-пад папярэдняга арышту, сярод іх — беларуска. Яе суд абвінаваціў у тым, што яна дазволіла выкарыстоўваць свой банкаўскі рахунак для пералічэньня грошай за выкананыя «заданьні», а таксама дапамагала расклейваць антыўкраінскія ўлёткі. 20 чэрвеня жанчыну затрымалі.
  • У 2022 годзе польскія службы затрымалі 20 чалавек, якіх падазраюць у супрацы з расейскай або беларускай выведкай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG