На працягу сутак з 6 гадзін 7 верасьня ліквідаваныя тры лясныя пажары на агульнай плошчы 3,35 га на тэрыторыі Лельчыцкага і Жыткавіцкага раёнаў Гомельскай вобласьці (тэхніка МНС тушэньне пажару не ажыцьцяўляла), адзін тарфяны пажар на плошчы 0,0075 га на тэрыторыі Калінкавіцкага раёна і 17 пажараў травы і кустоўя на агульнай плошчы 6,705 га на тэрыторыі Брагінскага, Буда-Кашалёўскага, Добрускага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Лельчыцкага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Рэчыцкага і Сьветлагорскага раёнаў.
Раней МНС Беларусі абвясьціла максымальны ўзровень пажарнай небясьпекі ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях — спачатку на 7–9 верасьня, а затым і на 10 верасьня — і папярэдзіла аб магчымасьці ўзьнікненьня пажараў у прыродных экасыстэмах.
Дымка і пах у Гомельскай вобласьці ўзьніклі ў выніку ўзгараньня тарфянікаў і «гаспадарчай дзейнасьці насельніцтва ва ўмовах зацішнага надвор’я і адсутнасьці рассейваньня ў атмасферы», заявіла напярэдадні абласное ўпраўленьне МНС.
Сутамі раней у рэгіёне было ліквідавана пяць лясных і адзінаццаць пажараў травы і кустоў.
Тым часам, смог і пах гару 8 верасьня назіраецца ў Менску, паведамляе «Анлайнер».
Нацыянальны цэнтар кіраваньня крызіснымі сытуацыямі Літвы ўвечары 7 верасьня папярэдзіў, што тарфяныя і лясныя пажары ў Беларусі выклікалі пах гару і забруджваньне паветра ў краіне.
Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя Літвы паведаміла, што забруджваньне паветра ў краіне 7–8 верасьня, паводле звестак маніторынгу, будзе павышаным, канцэнтрацыя цвёрдых часьціц (PM10) павялічана ў многіх раёнах.
Форум