Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыхільніцу Лукашэнкі судзяць па трох «палітычных» артыкулах


У Менску 9 верасьня пачнуць судзіць прыхільніцу Аляксандра Лукашэнку Натальлю Мікуліч.

Яе абвінавачваюць у распальваньні варожасьці (ч. 1 арт. 130 КК), дыскрэдытацыі Беларусі (арт. 369-1 КК) і паклёпе (арт. 188 КК), вынікае з раскладу судовых паседжаньняў. Увагу на гэта зьвярнула «Наша Ніва».

Як высьветліў праект Digital Intelligence Team, жанчына трапіла ў базу «Беспарадкі» — верагодна, за старыя рэпосты публікацый, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі»: да прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яна некалькі разоў рэпосьціла незалежныя мэдыя (напрыклад, «Белсат»).

«Гэты акаўнт падтрымлівае палітыку прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка Аляксандра Рыгоравіча», — пазначана ў эпіграфе на фэйсбук-старонцы 52-гадовай Натальлі Мікуліч. У Фэйсбуку і TikTok у Натальлі Мікуліч па 5 тысяч падпісантаў.

Натальля Мікуліч родам зь Вілейкі, жыла ў Валожыне. Жанчына падкрэсьлівала ў сацсетках сваю адданасьць Аляксандру Лукашэнку, стала прыхільніцай партыі ЛДПБ і ў нейкі момант уступіла ў яе. Жанчына рэпосьціла ў сацсетках і іншыя праўладныя матэрыялы.

14 лютага 2024 году Натальля разам з мужам Сяргеем схадзіла на асабісты прыём да міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які прыяжджаў у Валожын.

Праз два месяцы жанчына зьнікла з усіх сацсетак. Падпісчыкі жанчыны не разумелі, куды яна падзелася. Адказ знайшоўся ў раскладзе судовых паседжаньняў — там зьявілася прозьвішча жанчыны разам з абвінавачаньне паводле трох крымінальных артыкулаў.

Першае судовае паседжаньне па справе Натальлі Мікуліч прызначанае на 9 верасьня ў Менскім абласным судзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG