Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сыноптыкі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі для Гомельшчыны і аранжавы — па ўсёй Беларусі


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

На сераду 21 жніўня ў Гомельскай вобласьці абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі, а ў цэлым па Беларусі — аранжавы, паведамілі ў Белгідрамэце. Прычына — сьпёка і моцныя залевы з навальніцамі.

Калі на 20 жніўня ў Гомельскай вобласьці быў абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі ў сувязі са сьпёкай да +30...+33°С, дык на 21 жніўня для Гомельшчыны абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі: удзень 21 жніўня ў многіх раёнах вобласьці максымальная тэмпэратура паветра дасягне +35°С.

Аранжавы ўзровень небясьпекі на 21 жніўня тычыцца большай часткі тэрыторыі Беларусі. Як папярэджваюць сыноптыкі, на большай частцы тэрыторыі краіны і ў Менску чакаюцца навальніцы, ноччу і раніцай месцамі, а па Горадзенскай вобласьці ў шмат якіх раёнах — моцныя залевы. Днём па захадзе пры навальніцах месцамі шквалістае ўзмацненьне ветру парывамі 15–20 м/с. У дзённы час шмат у якіх раёнах максымальная тэмпэратура паветра дасягне +30...+34°С, у Менску +30...+31°С.

Ад 22 жніўня тэмпэратура паветра пачне падаць. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі Беларусі, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах чакаюцца навальніцы, ноччу і раніцай — моцныя дажджы, пры навальніцах — парывісты вецер. Тэмпэратура паветра ўначы +12...+19°С, удзень +19...+24°С, па паўднёвым усходзе Беларусі да +29°С.

23 жніўня чакаецца пераменная воблачнасьць, пераважна без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Тэмпэратура паветра ўначы +7...+13°С, удзень +20...+27°С.

У Менску, Гомлі, Магілёве і яшчэ на 24 мэтэастанцыях пабітыя тэмпэратурныя рэкорды

27 тэмпэратурных рэкордаў перапісана на беларускіх мэтэастанцыях 19 жніўня, сьведчыць праведзены «Позіркам» параўнальны аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту. Пры гэтым абсалютны максымум дня, зафіксаваны 78 гадоў таму (36,2°С у Васілевічах), выстаяў.

Гарачэй за ўсё было ў Акцябрскім: +35,1°С (было +32,8°С у 2017 годзе).

У Гомлі перакрыты лякальны рэкорд 1946 году (+34,4°С супраць +34,2°С). Абнавіліся рэкорды ў Менску (+32,5°С супраць +31,5°С у 2017-м), Магілёве (+34,1°С супраць +31,7°С тады ж).

Вышэй за +34 градусы з рэкордамі было ў Жыткавічах (+34,9°С), Брагіне (+34,8°С), Мазыры (+34,7°С), Жлобіне (+34,7°С), Лельчыцах (+34,6°С), Слуцку (+34,1°С). Адзнакі 33 градусы тэмпэратура дасягнула і перавысіла яе ў Ганцавічах (+33,5°С), на мэтэастанцыі «Палеская» ў Лунінецкім раёне (+33,4°С), у Слаўгарадзе (+33,3°С), Клічаве (+33,2°С), Бабруйску (+33,2°С), Касьцюковічах (+33,2°С), Баранавічах (+33,1°С), Мар’інай Горцы, Пружанах і Івацэвічах (па +33°С).

Агулам 19 жніўня тэмпэратурныя рэкорды былі пабітыя на 27 мэтэастанцыях.

Напярэдадні, 18 жніўня, быў перакрыты тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіранняў (+33,7°С градуса ў Лельчыцах супраць +33,5°С там жа ў 1989 годзе).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG