Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіева-Пячорскай лаўры прайшлі ўрачыстасьці з нагоды 510-годзьдзя бітвы пад Воршай


Усьпенскі сабор Кіева-Пячорскай лаўры
Усьпенскі сабор Кіева-Пячорскай лаўры

6 верасьня на тэрыторыі Нацыянальнага запаведніку «Кіева-Пячорская лаўра» прайшла ўрачыстасьць з нагоды 510-годзьдзя перамогі аб’яднаных беларускіх, украінскіх, літоўскіх і польскіх войскаў над сіламі Маскоўскага княства.

Пра гэта паведамляе тэлеканал Белсат.

Сьвяткаваньне арганізавалі грамадзкая арганізацыя «Цэнтар беларускіх камунікацый» і актыў полку імя Кастуся Каліноўскага.

Разам з байцамі полку Каліноўскага і 30-й асобнай мэханізаванай брыгады імя князя Канстанціна Астроскага і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны ва ўрачыстасьці бралі ўдзел сьпікер Генэральнага Штабу УСУ Андрэй Кавалёў, адмысловы прадстаўнік Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, сьвятар Кіева-Пячорскай лаўры ПЦУ Уладыка Аўрамі, нашчадак роду Астроскіх Ірэна-Марыя Астроская-Сангушка, прадстаўнік у абароне і нацыянальнай бясьпецы у Аб’яднаным пераходным кабінэце Беларусі Вадзім Кабанчук.

Падчас падзеі адбылася ўрачыстая паніхіда ва Ўсьпенскім саборы каля надмагільнага помніка князю Канстанціну Астроскаму. Падчас яе камандзіру палка Каліноўскага Паўлу «Дзядзьку» Шурмею была перададзеная ікона Сьвятога Юр’я Зьмеяборца, напісаная на скрынцы з-пад снарадаў, якую ваяры палка Каліноўскага прывезьлі з фронту.

Сьпікер Генэральнага штабу УСУ Андрэй Кавалёў у сваёй прамове адзначыў, што «мір і спакой запануе ва Ўкраіне, калі цяперашнія ваяры, абаронцы ўкраінскай незалежнасьці, беларускай незалежнасьці, дакончаць справу Канстанціна Астроскага».

Адмысловы прадстаўнік Украіны ў Беларусі Ігар Кізім у сваёй прамове падкрэсьліў важнасьць альтэрнатыўных беларуска-ўкраінскіх стасункаў.

«Ёсьць іншая Беларусь, прадстаўнікі якой сёньня разам з намі змагаюцца за нашую незалежнасьць, ваююць з нашым супольным ворагам. Мы ўсе разумеем, што без дэмакратычнай Беларусі ня будзе бясьпекі ў Эўропе. Таму мы сёньня падтрымліваем усе рухі, якія змагаюцца за сапраўдную сувэрэнную дэмакратычную Беларусь», — адзначыў Ігар Кізім.

Аршанская бітва адбылася 8 верасьня 1514 году на рацэ Крапіўне. Яна стала адной з найбуйнейшых бітваў вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім 1512–1522 гадоў. Падчас яе аб’яднаныя беларускія, украінскія, літоўскія і польскія войскі Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам князя Канстанціна Астроскага разграмілі сілы Маскоўскага княства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG