Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігар Кізім: «Працуем над сыстэмнымі рашэньнямі наконт легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне»


Ігар Кізім
Ігар Кізім

Амбасадар Украіны ў асаблівых даручэньнях у Беларусі Ігар Кізім на канфэрэнцыі «Новая Беларусь», якая праходзіць у Вільні, адказаў на пытаньне пра беларусаў, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.

Украіна імкнецца вызваліць беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў палоне, заявіў Ігар Кізім. «Гэтае пытаньне ў фокусе, ніхто не забыты. Пра палітвязьняў таксама гаворым. Усё, што можна зрабіць, робіцца», — сказаў амбасадар.

Ён паведаміў, што пасьля абмену пяці грамадзян Украіны на тэрыторыі Беларусі за кратамі па палітычных матывах знаходзіцца яшчэ восем грамадзян Украіны.

Таксама Кізіму задалі пытаньне пра легалізацыю беларусаў на тэрыторыі Ўкраіны. Ён адзначыў, што гэтае пытаньне адносіцца да ліку сыстэмных і тычыцца ня толькі ваяроў-беларусаў, якія зараз змагаюцца за Ўкраіну, але і ўсіх беларусаў наогул.

«Сытуацыя, якую стварыў Лукашэнка, з адмовай працягваць пашпарты, атрымліваць у консульствах, пагаршаецца тым, што ва Ўкраіне зараз няма консульства Беларусі. Гэта значыць, трэба прымаць сыстэмныя рашэньні. І мы над гэтым працуем, і я магу сказаць, што, разумееце, кожная гісторыя — яна індывідуальная. Але калі рабіць сыстэму, тут трэба працаваць на заканадаўчым узроўні. І таму я вельмі спадзяюся на нашу сумесную працу зь міжфракцыйным аб’яднаньнем у парлямэнце „За дэмакратычную Беларусь“», — сказаў Кізім.

Ігар Кізім паведаміў пра сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары, на ёй склалі пералік праблемных пытаньняў, якія турбуюць беларусаў ва Ўкраіне найбольш.

Дыплямат адзначыў, што стварэньне заканадаўства на тэму легалізацыі беларусаў ва Ўкраіне дазволіць пазьбегнуць «чалавечага чыньніку», паколькі ў такім выпадку ўсё будзе фармаваць ня добрая воля людзей, а канкрэтныя дакумэнты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG