Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Боепрыпасы, сродкі СПА і БМП «Брэдлі»: новы пакет дапамогі ЗША Ўкраіне


Ллойд Осьцін і Ўладзімір Зяленскі на пасяджэньні групы "Рамштайн", 6 верасьня 2024
Ллойд Осьцін і Ўладзімір Зяленскі на пасяджэньні групы "Рамштайн", 6 верасьня 2024

Злучаныя Штаты ў пятніцу абвясьцілі аб новым пакеце вайсковай дапамогі Ўкраіне на суму 250 мільёнаў даляраў.

Аб ім паведаміў міністар абароны Ллойд Осцін, які раней узяў удзел у чарговым пасяджэньні Кантактнай групы па абароне Ўкраіны ў так званым фармаце «Рамштайн», на якім міжнародныя партнэры Ўкраіны абмяркоўваюць з украінскімі прадстаўнікамі вайсковыя пастаўкі. У пасяджэньні ўзяў удзел і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, які прыехаў з візытам у Нямеччыну.

У амэрыканскі пакет увойдуць боепрыпасы, у тым ліку для сыстэм HIMARS і сыстэм супрацьпаветранай абароны, зэнітныя ракеты RIM-7, ПЗРК «Стынгер», а таксама баявыя машыны «Брэдлі» і M113. Дальнабойныя ракеты, пра магчымыя пастаўкі якіх апошнім часам, паводле паведамленьняў СМІ, вядуцца дыскусіі, у паведамленьні не ўзгадваюцца.

Аб новых пакетах дапамогі Ўкраіне ў пятніцу паведаміў таксама шэраг іншых краін — у прыватнасьці, Нямеччына паставіць 12 самаходных артылерыйскіх установак, а ў супрацоўніцтве з Даніяй і Нідэрляндамі — 77 танкаў «Леапард 1А5». Міністар абароны Канады Біл Блэр заявіў, што новы пакет канадзкай дапамогі будзе ўключаць у сябе авіяцыйныя ракеты CRV-7, а таксама стралковую зброю.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў сваім выступе закрануў пачаты месяц таму ўкраінскі наступ у расейскай Курскай вобласьці. Па словах Зяленскага, УСУ здолелі заняць 1300 квадратных кілямэтраў расейскай тэрыторыі, а расейскія вайскоўцы страцілі каля 6 тысяч салдат забітымі і параненымі. Незалежнага пацьверджаньня зьвестак аб стратах няма, Расея іх не публікуе. Паводле ацэнак, заснаваных на адкрытых крыніцах, тэрыторыю, якую кантралюе Украіна ў Курскай вобласьці, можна ацаніць прыкладна ў 900 квадратных кілямэтраў, яшчэ больш за 300 — у так званай шэрай зоне.

Таксама ў пятніцу Зяленскі сустрэўся з канцлерам Нямеччыны Оляфам Шольцам.

Шольц ізноў заявіў, што Нямеччына будзе падтрымліваць Украіну «столькі, колькі гэта спатрэбіцца», а Зяленскі зазначыў, што абмяркоўвалася падрыхтоўка да другога «саміту міру».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG