Пра гэта паведаміў раніцай 4 верасьня сьпікер украінскага парлямэнту Руслан Стэфанчук.
«Заява будзе разгледжаная на адным з найбліжэйшых пленарных пасяджэньняў», — напісаў старшыня Вярхоўнай Рады.
43-гадовы дыплямат Дзьмітро Кулеба ўзначальваў МЗС Украіны больш за чатыры гады — з 4 сакавіка 2020 году. Ён стаў самым маладым кіраўніком МЗС у гісторыі. Ён былы віцэ-прэм’ер Украіны ў пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі ва ўрадзе Аляксея Ганчарука, былы сталы прадстаўнік Украіны пры Радзе Эўропы, амбасадар у асаблівых даручэньнях МЗС Украіны.
Раней у Вярхоўную Раду паступіла 6 заяваў аб адстаўцы — трох міністраў, двух віцэ-прэм’ер-міністараў і старшыні Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны.
У Вярхоўную Раду Ўкраіны паступілі заявы аб адстаўцы ад міністра стратэгічных галін прамысловасьці Аляксандра Камышына, міністра юстыцыі Дзяніса Малюські і міністра абароны навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Руслана Стральца.
Таксама ў адстаўку вырашылі пайсьці віцэ-прэм’ер-міністарка ў пытаньнях эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Ўкраіны Вольга Стэфанішына і віцэ-прэм’ер-міністарка ў пытаньнях рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Украіны Ірына Верашчук.
Акрамя гэтага, заяву аб адстаўцы падаў старшыня Фонду дзяржаўнай маёмасьці Віталь Коваль.
«Усе заявы будуць разгледжаныя на адным з найбліжэйшых пленарных пасяджэньняў», — напісаў раней Стэфанчук у сацсетках, апублікаваўшы фота згаданых заяваў.
Выданьне РБК Украіна зьвярнула ўвагу на камэнтар кіраўніка фракцыі «Слуга народу» Давіда Арахаміі. У сваім тэлеграм-канале ён анансаваў на 4 верасьня «дзень звальненьняў», а на 5 верасьня — «дзень прызначэньняў». «Як і абяцалі, вялікую перазагрузку ўраду можна чакаць ужо на гэтым тыдні», — напісаў Арахамія. Паводле яго, зьменяцца больш за 50% штатнай колькасьці Кабінэта міністраў Украіны. Канчатковы сьпіс будзе вызначаны на пасяджэньні фракцыі 4 верасьня, дадаў Арахамія.
Форум