Раніцай 3 верасьня незалежныя СМІ заўважылі, што на польскім сайце прыватных аб’яваў OLX зьявіліся дзясяткі «вайсковых» лотаў ад аднаго карыстальніка: тактычныя камізэлькі, гумовыя кулі, нажы, аднаразовыя кайданкі і шмат што іншае. Дзьве не зьвязаныя паміж сабой крыніцы паведамілі «Люстэрку», што ў мінулым гэтыя прадметы набыла арганізацыя ByPol для патрэбаў пляну «Перамога».
Журналісты выданьня з нагоды продажу прадметаў зьвярталіся па камэнтар да прадстаўнікоў ByPol Аляксандра Азарава і Станіслава Лупаносава, аднак тлумачэньняў не атрымалі.
Празь нейкі час ByPol усё ж паведаміў у сваім афіцыйным тэлеграм-канале, што з восені 2023 году прадае маёмасьць, у якой цяпер ня мае патрэбы. Частка маёмасьці, як сьцьвярджаецца, была «бязвыплатна перададзеная адной зь беларускіх дэмакратычных арганізацыяў, якая пажадала захаваць сваю ананімнасьць».
У ByPol зазначылі, сярод іншага, што «бязвыплатна перадавалі вайсковую экіпіроўку» ў Гданьскую, Уроцлаўскую, Беластоцкую, Варшаўскую (Польшча) і Віленскую (Літва) харугвы, а таксама падразьдзяленьню «Атам» у складзе добраахвотніцкага палку Каліноўскага ва Ўкраіне, а таксама асобным байцам палку Каліноўскага і батальёну «Тэрор» ва Ўкраіну.
Паводле аб’яднаньня былых сілавікоў, сёньня на польскіх онлайн-плятформах прадаюцца «рэшткі маёмасьці, якія аказаліся незапатрабаванымі».
«Сярод выстаўленага на продаж, у тым ліку, ёсьць прадметы вайсковай экіпіроўкі, якія прызначалася і для пляну „Перамога“ ў першым яго варыянце. У сувязі з тым, што гэты варыянт пляну не прайшоў унутраны аўдыт, быў распрацаваны альтэрнатыўны праект, а неабходнасьць у частцы маёмасьці і экіпіроўкі адпала», — заявілі ў ByPol.
Усе выручаныя ад продажу сродкі перавядуць на рахункі ByPol і выкарыстаюць для «фінансаваньня іншых праектаў арганізацыі», гаворыцца ў тлумачэньні структуры.
Ажыятаж вакол продажу маёмасьці ў ByPol тлумачаць «працай агентаў уплыву рэжыму», «маргінальных блогераў» і канкурэнтаў.
Як заўважыла «Наша Ніва», самы дарагі лот, выстаўлены ByPol на польскім сайце, — спадарожнікавы тэлефон Iridium 9555, за які просяць больш за 900 эўра. Амаль столькі ж каштуе вялікі манітор. Потым ідуць тэлевізар, мікрафон, ноўтбук, прынтэр, сэйф і шмат іншага офіснага абсталяваньня.
- 8 чэрвеня 2023 году Аляксандар Азараў заявіў пра звальненьне «групы асобаў» за адмову праходзіць праверку на паліграфе. Гэты канфлікт прывёў да зьяўленьня новай арганізацыі былых сілавікоў BelPol.
Форум