Апэратыўнікі Берасьцейскай мытні выявілі і затрымалі тры цягачы, якія нібыта былі часова ўвезеныя на тэрыторыю Беларусі з Польшчы, але насамрэч іх плянавалі пасьля прадаць у Расеі, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.
Як расказалі ў ведамстве, у жніўні кіроўца польскай фірмы ўвёз у Беларусь праз пункт пропуску «Казловічы» два седлавыя цягачы маркі DAF. Мытнікі паставілі на транспарт навігацыйныя плёмбы «ў мэтах гарантаваньня бясьпекі і адсочваньня маршруту руху», але пазьней плёмбы зрэзалі зь цягачоў, а самі цягачы «растварыліся» ў Беларусі, паведамляе ведамства.
Хутка выявілі арганізатара схемы — 29-гадовага грамадзяніна Польшчы, які з дапамогай вуглашліфавальнай машынкі зьняў плёмбу з чарговага цягача DAF, увезенага празь беларуска-польскую мяжу.
Пасьля гэтага мытнікі ўстанавілі месца знаходжаньня двух увезеных раней цягачоў. Паводле ведамства, іх рыхтавалі ў Ганцавічах да незаконнага продажу: на цягачах выдалілі заводзкія ідэнтыфікацыйныя нумары шляхам хімічнага траўленьня мэталу.
Агульны кошт трох цягачоў склаў каля 300 тысяч беларускіх рублёў, сума мытных плацяжоў, што належацца за іх, — звыш 180 тысячы рублёў.
Берасьцейская мытня завяла на грамадзян Польшчы і «іншых асобаў, якія дзейнічалі па папярэдняй змове», крымінальную справу паводле ч.2 арт.231 Крымінальнага кодэксу Беларусі (Ухіленьне ад выплаты плацяжоў, якія спаганяюць мытныя органы, у буйным памеры, групай асобаў па папярэдняй змове). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум