Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ААН заявілі, што ў Іране з пачатку году пакаралі сьмерцю звыш 400 чалавек


Сьмяротнае пакараньне праз павешаньне ў Іране, архіўнае фота
Сьмяротнае пакараньне праз павешаньне ў Іране, архіўнае фота

У некаторых выпадках сьмяротныя прысуды выносяцца за негвалтоўныя злачынствы, у прыватнасьці зьвязаныя з наркотыкамі.

Экспэрты Арганізацыі Аб’яднаных Нацый выказалі трывогу наконт усплёску колькасьці пакараньняў сьмерцю ў Іране ў жніўні, у выніку чаго агульная колькасьць такіх пакараньняў у краіне з пачатку году перавысіла 400, піша AFP.

Толькі ў жніўні ў Іране быў прыведзены ў выкананьне 81 сьмяротны прысуд, што значна больш, чым 45 пакараньняў сьмерцю, аб якіх паведамлялася ў ліпені, адзначыла група з 11 незалежных экспэртаў ААН у сваёй заяве.

Па іх словах, з пачатку 2024 году ў краіне пакарана сьмерцю больш за 400 чалавек, уключаючы 15 жанчын.

«Мы глыбока занепакоеныя рэзкім ростам колькасьці пакараньняў сьмерцю», — заявілі экспэрты, якія былі прызначаныя Радай правоў чалавека ААН. Пры гэтым яны ня могуць выступаць ад імя самой Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у тым ліку Amnesty International, па колькасьці пакараньняў сьмерцю ў год Іран саступае толькі Кітаю. 41 чалавек зь ліку пакараных у жніўні, быў асуджаны за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі.

«Пакараньне сьмерцю за злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі, парушаюць міжнародныя стандарты», — заявілі яны.

Судовыя працэсы, якія завяршаюцца сьмяротнымі прысудамі, часта не адпавядаюць гарантыям належнай прававой працэдуры. Экспэрты ўказалі на выпадак курдзкага дэманстранта на імя Рэза Расаі, які быў пакараны 6 жніўня за забойства сябра Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі. Вынесены яму прысуд быў заснаваны на прызнаньні. Паводле некаторых паведамленьняў, прызнаньне было атрымана пад катаваньнямі, нягледзячы на тое, што абвінавачаныя адмовіліся ад сваіх паказаньняў, якія абвінавачваюць яго ў забойстве.

«Паведамленьні аб сур’ёзных парушэньнях правоў на справядлівае судовае разьбіральніцтва і належную прававую працэдуру азначаюць, што сьмяротнае пакараньне ў тым выглядзе, у якім яно практыкуецца ў цяперашні час у Ісламскай Рэспубліцы Іран, раўназначнае незаконнаму пакараньню», — заявілі яны.

Летась, як раней паведамлялі праваабаронцы, у Іране пакаралі сьмерцю 834 чалавекі, што стала найвышэйшай лічбай з 2015 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG