31 ліпеня ў Іране пакаралі сьмерцю праз павешаньне сама меней 29 чалавек, 26 зь іх — групай у адной з турмаў, паведамілі праваабарончыя арганізацыі 9 жніўня.
Нарвэская арганізацыя Iran Human Rights высьветліла, што 26 чалавек пакаралі сьмерцю ў турме Гезельхезар у горадзе Керэдж непадалёк ад Тэгерана і яшчэ трое — у гарадзкой турме Керэджа, піша руская служба ВВС.
У IHR падкрэсьлілі, што групавое пакараньне такога маштабу — беспрэцэдэнтны выпадак за апошнія гады ў Іране, апошні такі прыклад адносіцца да 2009 году.
Пакараныя сьмерцю, сярод якіх былі два грамадзяніны Афганістану, былі асуджаныя за забойствы, наркотыкі і згвалтаваньні.
Іншыя праваабарончыя групы, уключаючы інфармацыйнае агенцтва Human Rights Activists (HRANA) і Цэнтар па правах чалавека ў Іране (CHRI), якое базуецца ў ЗША, таксама пацьвердзілі пакараньне сама меней двух дзясяткаў чалавек у Керэджы.
Праваабарончыя групы неаднаразова абвінавачвалі Іран у выкарыстаньні сьмяротнага пакараньня для нагнятаньня страху ў грамадзтве пасьля пратэстаў 2022 году. Паводле ацэнак праваабаронцаў, у Іране штогод караюць сьмерцю больш людзей, чым у любой іншай краіне сьвету, акрамя Кітаю.
Праваабарончыя арганізацыі таксама асудзілі пакараньне сьмерцю 6 жніўня 34-гадовага прадстаўніка курдзкай этнічнай меншасьці Галамрэза Расаеі, асуджанага за забойства вартавога Ісламскай рэвалюцыі падчас пратэстаў, якія ўспыхнулі ў Іране ў 2022 годзе. Актывісты заявілі, што ягонае прызнаньне было атрымана пад катаваньнямі. Ні сям’ю, ні адваката Расаеі не папярэдзілі пра тое, што яго пакараюць сьмерцю.
Расаеі стаў дзясятым чалавекам, пакараным у Іране ў сувязі са шматмесячнымі пратэстамі, якія ўспыхнулі ў верасьні 2022 году пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні, арыштаванай за парушэньне строгіх правілаў у дачыненьні да жаночай сукенкі.
- Паводле зьвестак ААН, сёлета ў Іране прывялі ў выкананьне сама меней 345 сьмяротных прысудаў, сярод якіх 15 — у дачыненьні да жанчын.
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю. За гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў.
Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі
- Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе караюць сьмерцю.
- Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі каля 350 сьмяротных прысудаў (дакладная лічба невядомая).
- Улады Беларусі не паведамляюць пра выкананьне сьмяротных прысудаў. Пра гэта ўдаецца даведацца з паказаньняў іншых сьмяротнікаў або ад праваабаронцаў, якія кантактуюць з роднымі асуджаных.
- Эўразьвяз пэрыядычна заклікае Беларусь адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.
- Нягледзячы на ўсе просьбы міжнароднай супольнасьці, рэжым Лукашэнкі працягвае выносіць сьмяротныя прысуды. 19 кастрычніка 2023 вынесены чарговы зь іх — Аляксандру Таратуту са Слуцку, які забіў 3-гадовае дзіця.
- Дакладная колькасьць памілаваных таксама не вядомая. Раней беларускім праваабаронцам было вядома толькі пра два выпадкі памілаваньня асуджаных на сьмяротнае пакараньне за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. У канцы ліпеня 2024 году Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмяротнае пакараньне грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, пасьля гэтага яго вызвалілі ў рамках вялікага абмену вязьнямі паміж Расеяй і краінамі Захаду.
- Лукашэнка ў 2012 годзе казаў, што за ўсю гісторыю свайго прэзыдэнцтва памілаваў толькі аднаго чалавека (пасьля гэтага, у 2021 годзе, ён памілаваў асуджаных да сьмяротнага пакараньня братоў Косьцевых). Разам з тым МУС Беларусі яшчэ ў 2012-м сьцьвярджала, што за 13 гадоў было памілавана 156 сьмяротнікаў (замена сьмяротнага прысуду на пажыцьцёвае зьняволеньне).
Форум