Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хусіты атакавалі яшчэ два танкеры з нафтай у Чырвоным моры


Атакаваны хусітамі танкер у Чырвоным моры. Архіўнае фота
Атакаваны хусітамі танкер у Чырвоным моры. Архіўнае фота

Емэнскія хусіты, якія падтрымліваюцца Іранам, у панядзелак атакавалі два нафтавыя танкеры ў Чырвоным моры.

Пра гэта паведамілі амэрыканскія вайскоўцы, назваўшы напады «безразважнымі тэрарыстычнымі актамі», піша «Голас Амэрыкі».

Атакавалі танкер Amjad, які ішоў пад сьцягам Саудаўскай Арабіі, і танкер Blue Dragon I, які ішоў пад сьцягам Панамы.

Як паведамляе Reuters, увечары ў панядзелак хусіты ўзялі на сябе адказнасьць за атаку на Blue Lagoon, аднак не згадалі пра саудаўскі танкер.
Цэнтральнае камандаваньне ЗША паведаміла, што хусіты атакавалі танкеры дзьвюма балістычнымі ракетамі і бесьпілётнікам-камікадзэ, нанёсшы ўдар па абодвух суднах. Як заявіла камандаваньне, Amjad перавозіў каля 2 мільёнаў барэляў нафты.

Дзьве крыніцы Reuters паведамілі агенцтву, што ў момант удару танкеры ішлі побач, але змаглі працягнуць плаваньне, не атрымаўшы сур’ёзных пашкоджаньняў. Таксама абышлося без ахвяр. Пры гэтым адна з крыніц агенцтва ўсумнілася ў тым, што Amjad быў прамой цэльлю ўдару.

У асобнай заяве Цэнтральнага камандаваньня гаворыцца, што амэрыканскія вайскоўцы пасьпяхова зьнішчылі дзьве ракетныя сыстэмы ў падкантрольным хусітам раёне Емэна. У заяве адзначаецца, што гэтыя сыстэмы «несьлі непасрэдную пагрозу» амэрыканскім і кааліцыйным сілам, а таксама гандлёвым суднам у рэгіёне.

Хусіты наносяць удары ракетамі і бесьпілётнікамі па суднах у Чырвоным моры зь лістапада 2023 году. Яны сьцьвярджаюць, што дзейнічаюць у знак салідарнасьці з палестынцамі ў сэктары Газа, на тэрыторыі якога Ізраіль вядзе баявыя дзеяньні ў адказ на напад ХАМАС 7 кастрычніка 2023 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG