Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі». Хусіты, якія падтрымліваюцца Іранам, апублікавалі відэа, на якім яны закладваюць выбухоўку на палубу танкера «Суніён», які ішоў у Чырвоным моры пад грэцкім сьцягам, што прывяло да выбухаў на судне і магчымага разьліву нафты. На відэа можна ўбачыць ня менш за шэсьць адначасовых выбухаў.
Дзярждэпартамент ЗША пакуль не камэнтаваў інцыдэнту.
Заходнія краіны і ААН папярэджваюць, што разьліў нафты з падпаленага танкера можа нанесьці непапраўную шкоду каралавым рыфам і насельнікам Чырвонага мора. Ваенна-марскія сілы ЭЗ, якія знаходзяцца ў рэгіёне, заяўляюць, што пакуль не назіраюць разьліву нафты з «Суніёна».
Танкер «Суніён» перавозіў каля аднаго мільёна барэляў сырой нафты. Хусіты ўпершыню атакавалі яго 21 жніўня, выкарыстоўваючы стралковую зброю, снарады і бесьпілётны катэр, што выклікала пажар і пакінула яго без рухавіка, паведаміў офіс UK Maritime Trade Operations (UKMTO).
25 чалавек экіпажу выратаваў францускі эсмінец, які дзейнічаў у рамках апэрацыі Эўрапейскага Зьвязу ў Чырвоным моры, і даставіў у Джыбуці.
У аўторак прадстаўнік Пэнтагону паведаміў, што для выратаваньня пацярпелага судна было адпраўлена два буксіры, але хусіты прыгразілі атакаваць і іх. У сераду арабскія СМІ паведамілі, што хусіты пагадзіліся дапусціць да грэцкага танкера, які гарыць у Чырвоным моры, буксіры і ратавальныя судны, «прымаючы да ўвагі гуманітарны і экалягічны складнікі».
Ісламская радыкальная групоўка хусітаў «Ансар Ала» кантралюе паўночную частку Емэну, уключаючы частку марскога ўзбярэжжа. Створаны імі ўрад не прызнаны пераважнай большасьцю краін сьвету.
У канцы мінулага году хусіты абвясьцілі, што ўключаюцца ў вайну супраць Ізраіля на баку групоўкі ХАМАС, прызнанай тэрарыстычнай у ЗША і Эўразьвязе, і пачалі атакаваць звязаныя зь Ізраілем, а таксама з ЗША і іхнымі саюзьнікамі караблі ў Чырвоным моры і Адэнскай затоцы. Аднак многія з атакаваных суднаў маюць мала агульнага ці ўвогуле не зьвязаныя з канфліктам у сэктары Газа.
Хусіты атакавалі больш за 80 суднаў з пачатку вайны ў Газе летась у кастрычніку. Яны захапілі адно судна і патапілі яшчэ два, загінулі чацьвёра маракоў.
Праз Чырвонае мора, Баб-эль-Мандэбскі праліў і Адэнскі заліў ля берагоў Емэна ажыцьцяўляецца каля 12% усяго гандлёвага суднаходства ў сьвеце, у тым ліку каля 30% усіх кантэйнэрных перавозак. Пасьля пачатку нападаў хусітаў на гандлёвыя судны многія суднаходныя кампаніі былі вымушаныя выбіраць іншыя маршруты, што значна зацягвае і робіць даражэйшымі перавозкі.
Форум