Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Human Rights Watch заклікала ўлады Манголіі арыштаваць Пуціна ў час візыту


Сьцяг Манголіі
Сьцяг Манголіі

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае або забараніць уезд, або арыштаваць расейскага прэзыдэнта.

Паездка Пуціна ва Ўлан-Батар плянуецца на 3 верасьня.

«Манголія парушыць свае міжнародныя абавязаньні ў якасьці члена МУС, калі дазволіць прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну наведаць краіну безь яго арышту. Прыём Пуціна, які хаваецца ад Міжнароднага крымінальнага суду, будзе ня толькі абразай шматлікіх ахвяраў злачынстваў расейскіх войскаў, але і падарве важны прынцып, што ніхто, які б магутны ён ні быў, не знаходзіцца вышэй за права», — падкрэсьліла старшы дарадца па міжнародным правасудзьдзі праваабарончай арганізацыі Марыя Элена Віньёлі.

Манголія стала сябрам Міжнароднага крымінальнага суду ў 2003 годзе. Згодна з устаноўчай дамовай, Манголія абавязаная супрацоўнічаць з судом, у тым ліку арыштоўваць і экстрадаваць усіх падазраваных, якія ўяжджаюць на яе тэрыторыю.

Пуцін плянуе наведаць Манголію 3 верасьня на запрашэньне прэзыдэнта Ухнаагійна Хурэлсуха. Візыт адбудзецца з нагоды 85-годзьдзя перамогі савецкіх і мангольскіх войскаў над японскімі на рацэ Халхін-Гол.

Гэта будзе першая паездка Пуціна ў краіну, якая ратыфікавала Рымскі статут — Манголія зрабіла гэта ў 2002 годзе, тым самым афіцыйна ўзяўшы на сябе абавязаньні выконваць рашэньне Міжнароднага крымінальнага суду.

У канцы жніўня Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы паведаміў, што Пуціна не арыштуюць па ордэры Міжнароднага крымінальнага суду падчас візыту ў Манголію. Гарантыі Пуціну нібыта даў сам мангольскі бок.

У сакавіку 2023 году Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэры на арышт Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у справах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай. Іх падазраюць у зьдзяйсьненьні ваенных злачынстваў — гвалтоўных дэпартацыях і перасяленьні насельніцтва, у тым ліку дзяцей, з акупаваных тэрыторый Украіны.

Цягам 2023–2024 гадоў МКС выдаў шэсьць ордэраў на арышт прадстаўнікоў вайсковага кіраўніцтва Расеі, у тым ліку Сяргея Шайгу, Валерыя Герасімава і іншых расейскіх генэралаў.

Раней прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі Сырыль Рамафоса прасіў у Міжнароднага крымінальнага суду дазволу не арыштоўваць кіраўніка Расеі па прыезьдзе ў Ёганэсбург на саміт BRICS. Але ў выніку Пуцін у ПАР не прыляцеў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG