Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Азэрбайджану заявілі пра перамогу партыі Аліева на парлямэнцкіх выбарах


На выбарах у Азэрбайджане
На выбарах у Азэрбайджане

Праціўнікі рэжыму Ільхама Аліева і незалежныя журналісты заяўляюць пра шэраг парушэньняў на ўчастках.

«На пазачарговых парлямэнцкіх выбарах у Азэрбайджане наперадзе партыя Ільхама Аліева „Ені Азэрбайджан“. Яна атрымлівае 68 са 125 месцаў у парлямэнце», — паведаміў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Мазахір Панахаў па выніках апрацоўкі бюлетэняў з 91% участкаў.

Яўка выбарнікаў склала 37,27%: прагаласавалі 2,1 млн грамадзян з 6,4 млн зарэгістраваных.

Астатнія мандаты дастануцца, як піша выданьне Turan, так званым «незалежным» кандыдатам, якія вядомыя сваёй праўладнай пазыцыяй.

Апазыцыйная партыя «Народны фронт» байкатавала выбары сёмы раз запар. Яшчэ адна апазыцыйная партыя. «Мусават», упершыню за 15 гадоў узяла ў іх удзел (да гэтага яна байкатавала выбары). Лідэр партыі Арыф Гаджылы заявіў Reuters, што ня верыць у сумленнае галасаваньне, але партыя ўдзельнічае ў выбарах, каб «актывізаваць палітычную атмасфэру ў краіне».

Азэрбайджанская служба Радыё Свабода паведаміла пра парушэньні ў час галасаваньня: на некаторых участках заўважылі ўкідваньне бюлетэняў у скрыні, адзін выбарнік галасаваў на розных участках, а на назіральнікаў і журналістаў аказвалі ціск.

Кіраўнік назіральніцкай місіі ад СНД Леанід Анфімаў парушэньняў на выбарах ня ўбачыў і заявіў, што ўсё прайшло дэмакратычным чынам. Выпадкаў умяшаньня ў выбары назіральнікі ад СНД не зафіксавалі.

У чэрвені 2024 году Ільхам Аліеў распусьціў парлямэнт і прызначыў пазачарговыя выбары заканадаўчага органа на 1 верасьня 2024 году. Ініцыятарам роспуску і прызначэньня новых выбараў стала кіроўная партыя «Ені Азэрбайджан».

Фармальнай падставай для роспуску стала тое, што ў лістападзе ў Азэрбайджане пройдзе 29-я сэсія Канфэрэнцыі бакоў Рамачнай канвэнцыі ААН аб зьмяненьні клімату (COP29), на якой, як гаворыцца ў звароце, неабходная прысутнасьць дэпутатаў новага скліканьня.

У лютым сёлета ў Азэрбайджане прайшлі датэрміновыя выбары прэзыдэнта, на якіх пераможцам назвалі дзейнага кіраўніка дзяржавы Ільхама Аліева. Апазыцыйныя партыі адмовіліся ад удзелу празь непразрыстасьць працэсу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG