Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Азэрбайджане датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Яны першыя пасьля ўзяцьця кантролю над Нагорным Карабахам


Абвестка пра выбары на адным з участкаў у Азэрбайджане
Абвестка пра выбары на адным з участкаў у Азэрбайджане

Галоўная апазыцыйная партыя краіны байкатуе выбары.

1 верасьня ў Азэрбайджане адбываюцца датэрміновыя парлямэнцкія выбары. Гэта першае галасаваньне ў дзяржаве пасьля таго, як у выніку вайсковай апэрацыі азэрбайджанцы цалкам перанялі кантроль над спрэчным рэгіёнам Нагорны Карабах, у выніку чаго адтуль уцякло армянскае насельніцтва.

Палітычныя экспэрты, да якіх зьвярталася Свабода, не чакаюць неспадзяваных вынікаў на выбарах у Мілі Мэйліс. Прагназуецца, што перамогу прызнаюць за партыяй Новага Азэрбайджану, якой кіруе прэзыдэнт краіны Ільхам Аліеў. Сур’ёзнай альтэрнатывы з боку апазыцыі партыі ўлады няма, а выбары называюць «зрэжысаванымі».

У першыя гадзіны галасаваньня азэрбайджанская служба Радыё Свабода паведаміла, што паступаюць сыгналі пра фальсыфікацыю галасаваньня. Было апублікаванае відэа, на якім відаць, як адзін і той жа выбаршчык двойчы галасуе ў раёне Нефтчалы. Гэтая асоба адмовілася адказваць на пытаньні карэспандэнта Свабоды. Таксама факт «двайнога галасаваньня» запярэчылі ў мясцовай выбарчай камісіі.

Агулам за выбарамі назіраюць 50 розных арганізацый, у тым ліку назіральнікі ад АБСЭ, якія павінны прадставіць папярэдні даклад 2 верасьня.

У цяперашнім азэрбайджанскім парлямэнце партыя Аліева мае 69 мандатаў з 125, астатнія належаць дробным праўладным партыям і аб’яднаньням.

Асноўная апазіцыйная партыя «Мусават» вылучыла на выбары 34 кандыдаты, але толькі 25 зь іх былі зарэгістраваныя. Апазыцыйная «Рэспубліканская альтэрнатыва» мае 12 кандыдатаў. Галоўнае апазыцыйная Партыя народнага фронту Азэрбайджану байкатуе выбары ў сёмы раз запар. Яна заявіла, што трымаецца ў баку ад «урадавага маскараду фальшывых выбараў».

У лютым у Азэрбайджане прайшлі прэзыдэнцкія выбары, на якіх на чарговы 7-гадовы тэрмін быў пераабраны Ільхам Аліеў. Міжнародныя назіральнікі зафіксавалі ў галасаваньні шмат падтасовак і ашуканства.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG