Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маршалак польскага Сэйму: Калі Лукашэнку трэба транзытныя калідоры, ён мусіць вызваліць палітвязьняў


Маршалак польскага Сэйму Шыман Галоўня
Маршалак польскага Сэйму Шыман Галоўня

Польшча працягвае ціск на рэжым Лукашэнкі для вызваленьня Анджэя Пачобута і іншых палітвязьняў у Беларусі, сказаў маршалак польскага Сэйму Шыман Галоўня на канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC, якая пачалася 30 жніўня ў Празе. 

«На дыпляматычным узроўні мы робім усё магчымае, каб паслаць Лукашэнку сыгналы, што ён мусіць вызваліць палітвязьняў, — сказаў Галоўня, адказваючы на пытаньне Свабоды. — Што калі ён хоча адкрыцьця памежных пераходаў, калі ён хоча мець транзытныя калідоры, яму трэба супрацоўнічаць з намі ў гэтым пытаньні. Мы спрабуем паказаць, што калі ён ня будзе супрацоўнічаць, дык наступствы для яго, для ягонага рэжыму і для ягонай краіны будуць сапраўды складанымі».

Галоўня назваў «гістарычным» нядаўні візыт прэм’ер-міністра Індыі Нарэндры Модзі ў Польшчу і Ўкраіну. Паводле польскага палітыка, «гэта быў значны сыгнал ня толькі для Расеі, але і для Лукашэнкі».

Маршалак польскага Сэйму таксама адзначыў, што міграцыйны ціск на польскую мяжу з боку Беларусі істотна зьнізіўся параўнальна з тым, што было некалькі месяцаў таму ці год таму. Паводле яго, гэта адбылося дзякуючы крокам польскага ўраду.

Пры гэтым Галоўня прызнаў, што польскія палітыкі часам ня ведаюць, «на якія кнопкі варта націскаць, каб актываваць працэсы ў Беларусі».

«Лукашэнка ператварыў Беларусь — гордую незалежную краіну — практычна ў калёнію Расеі. Але мы часам ня ведаем, якія іх ўзаемаадносіны і які ўзровень ўзаемнай нянавісьці, зайздрасьці і агрэсіі існуе паміж [Лукашэнкам і прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным]», — сказаў ён.

Хто такі Анджэй Пачобут

  • Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
  • Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
  • У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
  • 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
  • Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
  • У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
  • За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
  • У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG