Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін, Валодзін, патрыярх Кірыл, арцыбіскуп Станеўскі. Хто і як павіншаваў Лукашэнку з 70-годзьдзем

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

30 жніўня Аляксандар Лукашэнка адзначае 70-годзьдзе. Пуцін да юбілею узнагародзіў яго ордэнам Андрэя Першазванага. Хто яшчэ павіншаваў?

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін узнагародзіў Аляксандра Лукашэнку ордэнам Сьвятога апостала Андрэя Першазванага, указ быў падпісаны 30 жніўня, а інфармацыю аб гэтым разьмясьцілі на сайце Крамля.

У ім адзначаецца, што Лукашэнка атрымаў узнагароду «за выдатныя заслугі ў разьвіцьці адносін саюзьніцтва і стратэгічнага партнэрства паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Беларусь, умацаваньні сяброўскіх сувязяў паміж расейскім і беларускім народамі, а таксама за вялікі асабісты ўклад у стварэньне і эфэктыўную дзейнасьць саюзнай дзяржавы».

У віншавальнай тэлеграме Пуцін расказаў пра ягоныя добрыя «таварыскія адносіны» з Лукашэнкам.

Ордэн Святога апостала Андрэя Першазванага быў першым ордэнам і найвышэйшай узнагародай у Расейскай імпэрыі. Узнагароду заснаваў ў канцы XVII стагодзьдзя цар Пётар I. Яна была адноўленая ў Расейскай Фэдэрацыі ў 1998 годзе.

Ордэнам былі ўзнагароджаныя, сярод іншых, патрыярх Кірыл, Міхаіл Гарбачоў, Нурсултан Назарбаеў, Гейдар Аліеў, Сі Цзіньпін, Нарэндра Модзі.

Таксама Лукашэнку павіншаваў старшыня Дзяржаўнай Думы Расеі Вячаслаў Валодзін.

Ён адзначыў, што Лукашэнка «адносіцца да ліку адказных і дасьведчаных».

Павіншавалі Лукашэнку зь юбілеем і вайскоўцы беларускай арміі. Міністэрства абароны Беларусі да Дня нараджэньня палітыка выклала віншавальны відэаролік з нарэзкай з сустрэч Лукашэнкі з вайскоўцамі, які завяршаецца лёзунгам: «Моцная рука — моцная армія — моцная краіна».

У роліку паказаны і Лукашэнка з аўтаматам падчас разгону акцый пратэсту ў 2020 годзе.

Як паведамляе сайт Catholic.by, 30 жніўня старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Менска-Магілёўскі, накіраваў віншаваньні Аляксандру Лукашэнку на 70-годзьдзе.

«Няхай дапамога Ўсявышняга ўмацуе вас у зьдзяйсьненьні добрых спраў на карысьць нашага народу, на карысьць дарагой Радзімы, Рэспублікі Беларусь. Няхай Усёмагутны Бог захавае вас у здароўі, міры і спакоі на доўгія і бласлаўлёныя гады»,— напісана сярод іншага ў віншаваньні.

Маскоўскі патрыярх Кірыл узнагародзіў Лукашэнку ордэнам князя Данііла Маскоўскага (I ступені).

«Прыемна таксама сьведчыць, што вы ўсяляк садзейнічаеце абароне традыцыйных духоўна-маральных і сямейных каштоўнасьцей, пашырэньню гуманітарнага супрацоўніцтва і ўмацаваньню братэрскага адзінства славянскіх народаў»,— напісаў Лукашэнку патрыярх Кірыл, які падтрымаў рашэньне Пуціна аб нападзе на Ўкраіну.

  • Аляксандар Лукашэнка нарадзіўся 30 жніўня 1954 года ў гарадзкім пасёлку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласьці.
  • Лукашэнка трымае ўладу ў Беларусі з 1994 году, калі яго выбралі на першых выбарах прэзыдэнта Беларусі.
  • Толькі гэтыя выбары лічыліся дэмакратычнымі, астатнія выбарчыя кампаніі, якія прайшлі з таго часу, не прызнаваліся свабоднымі і справядлівымі, суправаджаліся масавымі рэпрэсіямі, заходнімі санкцыямі, крызісам легітымнасьці ўлады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG