Галоўны дыплямат Эўразьвязу Жузэп Бурэль працягнуў узмацняць ціск на заходніх хаўрусьнікаў Украіны, патрабуючы зьняць абмежаваньні на прымяненьне зброі, заявіўшы, што Кіеў мае права наносіць удары па месцах, зь якіх ён атакаваны.
Выступаючы ў Бруселі 30 жніўня, напярэдадні другога дня нефармальнай сустрэчы міністраў абароны краін блёку, Бурэль заявіў, што «абсурдна» сьцьвярджаць, што дазвол нацэльвацца на тэрыторыю Расеі азначае вядзеньне вайны непасрэдна супраць Масквы.
«Ніхто ня хоча вайны з Расеяй, — сказаў ён. — Але пастаўце сябе на месца ўкраінцаў: расейцы бамбяць вас зь месца, куды вы ня можаце дабрацца. Вы хацелі б змагацца на роўных», — дадаў Бурэль, заявіўшы, што для гэтага Ўкраіна павінна мець магчымасьць наносіць удары па тых месцах, адкуль Расея пачынае свае атакі.
Напярэдадні Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах заявіў, што кожная краіна Эўразьвязу будзе самастойна прымаць рашэньне аб зьняцьці абмежаваньняў на ўдары Ўкраіны па тэрыторыі Расеі.
«Урэшце, выснова палягае ў тым, што гэта рашэньне асобнай дзяржавы, і дзяржавы-сябры хочуць, каб гэта і далей было рашэньнем асобных дзяржаў. І кожная зь іх будзе прымаць рашэньне, якое лічыць мэтазгодным».
Паводле Бурэля, ня ўсе краіны ЭЗ пастаўляюць дальнабойную зброю Ўкраіне, таму «гэта ня тое рашэньне, у якім яны маюць якую-небудзь практычную ўцягнутасьць».
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба, які таксама браў удзел у сустрэчы міністраў замежных спраў краін ЭЗ, заклікаў Эўразьвяз пераканаць Вялікую Брытанію і ЗША зьняць абмежаваньні на выкарыстаньне зброі для ўдараў па законных цэлях на расейскай тэрыторыі.
«Я заклікаю Эўрапэйскі зьвяз адыграць сваю ролю і вельмі дакладна і рашуча заявіць, што гэта тое, што неабходна зрабіць цяпер, калі мы хочам захаваць дынаміку», — сказаў ён.
Украінскія чыноўнікі, уключаючы прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, неаднаразова заклікалі саюзьнікаў Украіны распачаць «рашучыя дзеяньні» і дазволіць Украіне наносіць удары па вайсковых мэтах у глыбіні Расеі з дапамогай заходняй зброі.
Украіна, паводле дадзеных выданьня Politico, мае намер падаць ЗША пералік аб’ектаў на тэрыторыі Расеі, па якіх плянуе нанесьці ўдары дальнабойнымі ракетамі ў выпадку зьняцьця абмежаваньняў на выкарыстаньне амэрыканскай зброі.
У чэрвені ЗША дазволілі Ўкраіне наносіць удары амэрыканскай зброяй па ўсёй лініі мяжы з Расеяй, аднак Белы дом усё яшчэ баіцца, што выкарыстаньне дальнабойнай зброі для ўдараў па Расеі можа справакаваць Крэмль на больш агрэсіўныя дзеяньні.
Прэзыдэнт Украіны 27 жніўня на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што Ўкраіна правяла пасьпяховыя выпрабаваньні сваёй новай балістычнай ракеты.
Форум