Пра гэта паведамляе выданьне «Позірк».
Пракурор прапанаваў прызнаць Міхаіла Міхадзюка вінаватым на падставе ч. 3 арт. 430 КК (атрыманьне хабару).
Таксама Міхадзюку могуць прызначыць штраф у памеры 40 тысячаў беларускіх рублёў (тысяча базавых велічыняў) і пазбаўленьне права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на пяць гадоў.
Разам з тым у сувязі з абвешчанай у бягучым годзе амністыяй дзяржаўны абвінаваўца прапанаваў скараціць тэрмін зьняволеньня для Міхадзюка на 1 год.
Абставінамі, якія зьмякчаюць адказнасьць, у судзе названыя «чыстасардэчнае раскаяньне, актыўнае садзейнічаньне выяўленьню злачынстваў, яўка з павіннай, кампэнсацыя даходу, атрыманага злачынным шляхам, у тым ліку ўнясеньне на разьліковы рахунак РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі дабрачыннага ўнёску».
Прысуд па справе абвесьцяць 5 верасьня.
Паводле агучанага раней абвінавачаньня, Міхадзюк з 2018 па 29 сьнежня 2023 году некалькі разоў прыняў хабар ад прадстаўніка кампаніі RIKO на агульную суму 35 тысяч эўра. Таксама ён прыняў у Менску хабар у сэрбскіх дынарах «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзяць у яго кампэтэнцыю». Акрамя гэтага, чыноўніку забясьпечылі паездку на сэрбскі горналыжны курорт.
Працэс над экс-чыноўнікам пачаўся 20 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Менску.
На судзе ён прызнаў сваю віну.
- Міхаіл Міхадзюк працаваў у кіраўніцтве Міністэрства энэргетыкі з 2005 году. На гэтай пасадзе ён быў непасрэдным куратарам працы Беларускай АЭС. За ўвесь час з пачатку эксплюатацыі БелАЭС яе першы энэргаблёк спыняўся некалькі дзясяткаў разоў.
- 28 сьнежня 2023 году ўрад вызваліў 68-гадовага Міхадзюка ад пасады намесьніка міністра энэргетыкі «у сувязі з выхадам у адстаўку».
- Паводле дзяржаўных СМІ, 26 студзеня Сьледчы камітэт завёў супраць экс-чыноўніка крымінальную справу «за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў па выбары замежнай кампаніі ў якасьці падрадчыка для будаўніцтва і мадэрнізацыі высакавольтных падстанцыяў у Беларусі».
- Сёлета 14 чэрвеня на нарадзе Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савету міністраў стала вядома, што Міхадзюк у сьледчым ізалятары. Паводле Лукашэнкі, у межах крымінальных спраў за хабар агулам прыцягнулі да адказнасьці 30 чалавек. Лукашэнка таксама згадаў справу свайго былога памочніка, інспэктара па Віцебскай вобласьці, экс-міністра сельскай гаспадаркі і харчаваньня Ігара Брыло і першага намесьніка кіраўніка спраў прэзыдэнта Дзьмітрыя Рыбко.
Форум