Камітэт правоў людзей з інваліднасьцю сустрэўся з беларускай грамадзянскай супольнасьцю — з тымі, хто рыхтаваў альтэрнатыўны даклад аб Беларусі.
Сярод іх былі прадстаўніца «Вясны» Натальля Сацункевіч і дырэктар Офісу правоў людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі.
«На сёньняшні дзень вядома, што супраць больш як 3300 чалавек ужываўся палітычна матываваны крымінальны перасьлед, зь іх 1385 знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, — адзначыла на сустрэчы з Камітэтам Натальля Сацункевіч. — Паводле зьвестак Праваабарончага цэнтру „Вясна“, сярод асуджаных з палітычных матываў, якія адбываюць пакараньне ў калёніях і турмах, ня менш за 16 чалавек з інваліднасьцю, 91 чалавек зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пажылых людзей, старэйшых за 60 гадоў (многія зь якіх таксама маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем) і 10 чалавек з псыхасацыяльнымі парушэньнямі. Гэта няпоўныя дадзеныя. Таксама варта ўлічваць, што ўстанаўленьне інваліднасьці ў месцах пазбаўленьня волі спалучана зь вялікімі цяжкасьцямі, праз што многія людзі не прызнаюцца ўладамі інвалідамі».
Згадала Натальля Сацункевіч і пра артыкул 10 Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасцю — «Права на жыцьцё», які кажа пра тое, што «дзяржавы-ўдзельніцы [Канвэнцыі] зноў пацьвярджаюць неад’емнае права кожнага чалавека на жыцьцё і прымаюць усе неабходныя захады для забесьпячэньня яго эфэктыўнага ажыцьцяўленьня людзьмі з інваліднасьцю нароўні зь іншымі».
Сацункевіч расказала, што асуджаным людзям з інваліднасьцю не аказваецца адэкватная мэдычная дапамога, што прывяло да сьмерці некалькіх чалавек ў калёніях за апошнія гады. Так, 20 лютага 2024 году ва ўзросьце 64 гадоў памёр палітвязень і грамадзкі дзеяч Ігар Леднік. Яго асудзілі на 3 гады калёніі за «паклёп» на Аляксандра Лукашэнку ў друкаваным выданьні. Палітвязень меў 2-ю групу інваліднасьці праз праблемы з сэрцам, але яго ўсё роўна асудзілі на пазбаўленьне волі. У зьняволеньні здароўе Ігара Ледніка значна пагоршылася, яму зрабілі апэрацыю на страўнікава-кішачным тракце. Прычынай сьмерці стала спыненьне сэрца.
У траўні 2023 году ў віцебскай калёніі № 3 памёр 61-гадовы грамадзкі актывіст зь Пінску Мікалай Клімовіч. Ён быў асуджаны на 1 год пазбаўленьня волі ў калёніі за рэакцыю ў «Аднаклясьніках» на карыкатуру з Лукашэнкам. У Мікалая Клімовіча была інваліднасьць, ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы.
Акрамя таго, праваабаронца зьвярнула ўвагу і на такую нявырашаную праблему, як зьмяшчэньне людзей з псыхасацыяльнымі парушэньнямі ў сьледчыя ізалятары на некалькі месяцаў да рашэньня суду. У гэты час яны практычна не атрымліваюць лячэньня і ўтрымліваюцца ў агульных або адзіночных камэрах.
«Галіна Дзербыш, 63-гадовая жанчына з інваліднасьцю і анкалягічным захворваньнем, якую перасьледуюць з палітычных матываў, была зьмешчаная ў адзіночную камэру на 10 дзён у турму № 1 у Горадні, дзе ёй не давалі неабходных лекаў, ад чаго яна некалькі разоў страчвала прытомнасьць. 15 месяцаў жанчына ўтрымлівалася ў адзіночнай камэры. Цяпер яна знаходзіцца ў калёніі ва ўмовах інфармацыйнай блякады. Ёсць паведамленьні аб яе вельмі цяжкім становішчы», — расказала Натальля Сацункевіч.
Яна адзначыла, што статыстыка не падаецца і гэта не дазваляе распрацоўваць і ўкараняць стратэгіі па выкананьні дзейнай Канвэнцыі ў дачыненьні да асуджаных і зьняволеных асоб з інваліднасьцю.
Форум