У паведамленьні КДК сьцьвярджаецца, што ў 2018 годзе кампанія пры рэгістрацыі ў якасьці рэзыдэнта Парку высокіх тэхналёгіяў (ПВТ) падала «не адпаведны рэчаіснасьці бізнэс-праект».
«Праектам прадугледжвалася распрацоўка новага праграмнага забеспячэньня, якое па факце ўжо было распрацавана і выкарыстоўвалася суб’ектамі рэальнага сэктару эканомікі», — адзначае КДК.
Пасьля гэтага кампанія, паводле ведамства, зарэгістравалася ў якасьці рэзыдэнта ПВТ і «на працягу 2019–2024 гг. незаконна карысталася льготамі па падатках у выглядзе вызваленьня ад выплаты ПДК і падатку на прыбытак».
За ўхіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на службовых асобаў кампаніі завялі крымінальную справу па ч. 3 арт. 243 Крымінальнага кодэксу.
Сьцьвярджаецца, што яны «добраахвотна пералічылі» 1,5 мільёны рублёў у лік пагашэньня прычыненага ўрону.
Аналягічнае абвінавачаньне вылучылі раней па справе «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» (разгромлены ўладамі найбуйнейшы партал tut.by), якая зьяўляючыся рэзыдэнтам ПВТ, «мела шэраг падатковых ільготаў», заўважыла выданьне «Позірк». Як вынік, сьцьвярджалася ў матэрыялах справы, «у бюджэт у 2019-2021 гадах было недаплачана больш за 3 млн рублёў падаткаў».
17 сакавіка 2023 году галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву і гендырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫА» Людмілу Чэкіну асудзілі да 12 гадоў зьняволеньня. Іншыя абвінавачаныя па справе — рэдактарка палітыка-эканамічнага блёку Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на суд не зьявіліся, бо пасьля вызваленьня з-пад варты пакінулі краіну. Іх абвясьцілі ў вышук, цяпер ідзе завочны суд па іх справе.
- ПВТ заснавалі ў 2005 годзе. Адным зь ягоных стваральнікаў зьяўляецца былы дыплямат Валер Цапкала, які ў 2020 годзе вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Пасьля таго, як яму адмовілі ў рэгістрацыі, а пазьней завялі на яго крымінальную справу, Цапкала пакінуў Беларусь. У красавіку 2023 году яму завочна прысудзілі 17 гадоў пазбаўленьня волі.
- У 2020 годзе прадстаўнікі ІТ-сфэры былі сярод самых актыўных удзельнікаў пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Пасьля пачатку рэпрэсіяў частка кампаній перадысьлякаваліся за мяжу. Паводле зьвестак хабу Imaguru, толькі за 2020 год зь Беларусі зьехалі больш за 20 тысяч спэцыялістаў ІТ-галіны.
- Саўдзел Менску ў агрэсіі супраць Украіны спарадзіў новую, параўнальную па маштабах зь першай, хвалю эміграцыі. Згодна зь лічбамі Белстату, адток спэцыялістаў са сфэры за восем месяцаў 2022 году склаў амаль 12 тысяч. Пасьля ў афіцыйную статыстыку перасталі ўключаць зьвесткі аб зьмяненьнях у сэктары.
Форум