Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна атакавала дронамі яшчэ адну нафтабазу ў Растоўскай вобласьці Расеі і ўпершыню — Кіраўскую вобласьць

абноўлена

Пажар на нафтабазе ў Растоўскай вобласьці
Пажар на нафтабазе ў Растоўскай вобласьці

Украіна працягвае атакаваць расейскія сховішчы паліва, каб зьменшыць пагрозу.

У горадзе Кацельніч Кіраўскай вобласьці Расеі раніцай 28 жніўня бесьпілётнікі, як сьцьвярджаецца, атакавалі ёмістасьць з нафтапрадуктамі. Пра гэта паведаміў губэрнатар рэгіёну Аляксандар Сакалоў. Украінскія вайскоўцы пакуль не камэнтавалі паведамленьні.

Кацельніч знаходзіцца прыкладна за 1,5 тысячы кілямэтраў ад мяжы з Украінай. Раней пра атакі дронаў у гэтым расейскім рэгіёне не паведамлялі.

Як удакладніла Baza, паводле папярэдніх зьвестак, дроны атакавалі склад з нафтапрадуктамі на камбінаце «Вятка», пасьля трапляньня аднаго зь іх загарэўся адзін з рэзэрвуараў.

У Адзінай дзяжурнай дыспэтчарскай службе пасьля паведамілі, што ўдары па аб’екце ў горадзе Кацельніч нанесьлі пяць дронаў. «Пацярпелых няма, зафіксавана задымленьне», — заявілі ў дыспэтчарскай службе, адзначыўшы, што быў паражаны рэзэрвуар з ґазай. Губэрнатар Сакалоў заявіў, што пажар патушылі.

На нафтабазе «Атлас» у Растоўскай вобласьці Расеі недалёка ад пасёлку Маладзёжны Каменскага раёну здарыўся пажар, паведамілі расейскія Telegram-каналы раніцай 28 жніўня. Паводле паведамленьняў, перад пажарам быў моцны выбух.

Атака адбылася каля 3-й гадзіны ночы.

Украінская служба Радыё Свабода са спасылкай на крыніцу ў выведцы пацьвердзіла факт атакі. Паводле зьвестак украінскіх выведнікаў, нафтабаза непасрэдна працуе на расейскі вайскова-прамысловы комплекс і бярэ ўдзел у забесьпячэньні акупацыйных войскаў.

Губэрнатар вобласьці Васілій Голубеў паведаміў у Telegram, што ў Растове зьбілі чатыры бесьпілётнікі, але не згадаў пра пажар.

Тэлеграм-канал Baza, блізкі да расейскай выведкі, паведаміў, што абломкі двух бесьпілётнікаў выклікалі пажар у трох сховішчах у Каменскім раёне.

У Варонескай вобласьці губэрнатар Аляксандар Гусеў паведаміў пра пажар «каля выбухованебясьпечных аб’ектаў», верагодна, складу боепрыпасаў. Два населеныя пункты эвакуавалі.

Удары УСУ па расейскіх нафтабазах сталі масавымі. 18 жніўня ўкраінцы атакавалі нафтабазу ў Пралетарску. Пажар да канца не патушаны дагэтуль. Улады ўвялі ў горадзе рэжым надзвычайнай сытуацыі. Раніцай 23 жніўня нафтабазу зноў атакавалі бесьпілётнікі.

Таксама раніцай 28 жніўня стала вядома, што работнікаў прадпрыемстваў у Татарстане, а менавіта ў Казані і Ніжнякамску, эвакуавалі праз пагрозу ўдару бесьпілётнікаў. У тым ліку эвакуавалі супрацоўнікаў казанскага верталётнага і авіяцыйнага заводаў, піша Idel.Realii.

Часова закрыты казанскі аэрапорт. Затрымліваюцца сама меней 20 рэйсаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG