Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн асудзіў расейскія масавыя паветраныя ўдары па энэргетычнай інфраструктуры Ўкраіны.
«Я рашуча асуджаю вайну Расеі супраць Украіны, якая працягваецца, і расейскія спробы прывесьці ўкраінцаў у цемру, — гаворыцца ў заяве. — Расея ніколі не даб’ецца посьпеху ва Ўкраіне. Ёй ня ўдасца зламаць дух украінскага народу».
У сваёй заяве прэзыдэнт Байдэн падкрэсьліў, што кааліцыя з больш як 50 краін на чале са Злучанымі Штатамі дае Ўкраіне крытычна важнае для абароны вайсковае абсталяванне, уключаючы сыстэмы СПА. Для ЗША прыярытэтнымі зьяўляюцца пастаўкі Ўкраіне такіх сыстэм. Злучаныя Штаты таксама накіроўваюць ва Ўкраіну абсталяваньне для рамонту і падтрымкі энэргетычнай інфраструктуры.
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн запэўніў украінцаў, што Злучаныя Штаты застаюцца непахіснымі ў падтрымцы Ўкраіны і што гэтая падтрымка будзе працягвацца да перамогі Ўкраіны, гаворыцца ў заяве.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі раней паведаміў пра наступствы аднаго з самых вялікіх расейскіх абстрэлаў 26 жніўня.
Па словах кіраўніка Ўкраіны, войскі РФ запусьцілі па Ўкраіне сама меней 127 ракет і 109 дронаў.
Раніцай 26 жніўня расейскія вайскоўцы зрабілі маштабную атаку на Ўкраіну з дапамогай ударных дронаў і крылатых ракет. Расея падняла ў неба 11 стратэгічных бамбавікоў. У выніку расейскага масіраванага нападу на энэргетычную інфраструктуру пацярпелі 15 абласьцей Украіны.
- Расейскія вайскоўцы рэгулярна па розных відах узбраеньня — ударнымі БПЛА, ракетамі, КАБамі, РСЗА — атакуюць ўкраінскія рэгіёны.
- Кіраўніцтва Расеі адмаўляе, што расейская армія падчас поўнамаштабнай вайны наносіць мэтанакіраваныя ўдары па цывільнай інфраструктуры гарадоў і вёсак Украіны, забіваючы цывільнае насельніцтва і разбураючы бальніцы, школы, дзіцячыя сады, аб’екты энэргетыкі і водазабесьпячэньня.
- Украінскія ўлады і міжнародныя арганізацыі кваліфікуюць гэтыя ўдары як ваенныя злачынствы Расейскай Фэдэрацыі і падкрэсьліваюць, што яны маюць мэтанакіраваны характар.