Затрымалі дальнабойніка за камэнтары пра міліцыянтаў
Сілавікі затрымалі дальнабойніка за камэнтары пра супрацоўнікаў міліцыі, паведаміла «Медиазона» з спасылкай на праўладны Telegram-канал.
Аўтары канала пішуць, што беларус паехаў працаваць у Польшчу і зьмяніў нумар тэлефона, аднак яго ўсё роўна знайшлі.
На відэа затрыманы мужчына кажа, што працуе кіроўцам-дальнабойнікам у Польшчы, што ў 2020 годзе быў падпісаны на пратэставыя тэлеграм-каналы і пісаў там камэнтары пра сілавікоў.
Таксама затрыманы кажа, што зьвяртаўся ў чат-бот праекту «ЧКБ» «з нагоды штрайкбрэхераў у Беларусі».
Паводле якіх менавіта артыкулаў затрымалі кіроўцу і што зь ім цяпер, невядома. Аўтары праўладнага канала пішуць, што яго «зьмясьцілі ў ІЧУ, дзе ён будзе чакаць рашэньня суду».
15-гадовую дзяўчыну адправілі ў спэцвучэльню за абразу міліцыянта
Як піша «Вясна», суд Глускага раёну зьмясьціў 15-гадовую школьніцу ў спэцустанову на 2 гады. Раённая камісія па справах непаўналетніх Глускага райвыканкаму падала на дзяўчыну заяву ў суд.
Падставай для крымінальнай справы паводле арт. 369 КК стаў відэаролік, разьмешчаны ў інтэрнэце, нібыта з абразай прадстаўніка МУС.
Таксама вядома, што вырак быў абскарджаны ў судзе Магілёўскай вобласьці, аднак рашэньне пакінулі ў сіле.
Жыхара Магілёва затрымалі на «хіміі» за рэгістрацыю ў «Пляне Перамога»
На відэа сілавікоў мужчына кажа, што знаходзіцца на «хіміі» «за ўжываньне наркатычных сродкаў», прайшоў рэгістрацыю ў «Пляне Перамога» і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. Паводле інфармацыі «Медиазоны», затрыманы — Сяргей Палякоў.
Форум