Памерла палітычная і грамадзкая дзяячка, юрыстка, праваабаронца зь Пінску Вераніка Іванова. Як паведамілі знаёмыя, сьмерць наступіла ў Пінскай лякарні, піша «Мэдыя-Палесьсе». Апошнім часам праваабаронца часта хварэла.
Вераніка Іванова была старшынёй Пінскай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», яе ўвесь час выклікалі ў міліцыю, праводзілі ператрусы ў кватэры. Яна адкрыта гаварыла аб неабходнасьці пераменаў у краіне ў час акцый пратэсту ў Пінску, за што яе неаднойчы затрымлівалі і судзілі за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Забіралі маёмасьць, каралі штрафамі.
Калі ў сукупнасьці Вераніку аштрафавалі на 215 базавых велічыняў штрафу, яна зьвярнулася па харчовую дапамогу да валянтэраў, якія дапамаглі прадуктамі сям'і. Тады яна напісала на сваёй старонцы ў фэйсбуку:
«У салідарнасьці наша сіла! Нізкі паклон усім, хто ўдзельнічае ў гэтым праекце. Я не прапусьціла ніводнага маршу, ніводнай акцыі. І зараз я зноў кажу — „Я выходжу!“»
У Івановай трое дзяцей. Старэйшага Кірыла таксама судзілі за тое, што пісаў камэнтары ў «экстрэмскіх чатах». З пачатку вайны ва Ўкраіне Кірыл ваюе ў палку Каліноўскага. 31 сьнежня 2023 году ён атрымаў раненьне пад Бахмутам, а за дзень да гэтага яго маці судзілі і пакаралі максымальным штрафам за разьмяшчэньне ў сацыяльных сетках матэрыялу зь лягатыпам палка Каліноўскага.
Форум