Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск наведаў кітайскі прэм'ер. У гандлі паміж краінамі ёсьць праблемы


Кіраўнікі ўрадаў Кітаю і Беларусі Лі Цян і Раман Галоўчанка, Менск, 22 жніўня 2024
Кіраўнікі ўрадаў Кітаю і Беларусі Лі Цян і Раман Галоўчанка, Менск, 22 жніўня 2024

На гэтым тыдні, пасьля візыту ў Маскву, Беларусь наведаў прэм’ер-міністар Кітаю Лі Цян. У Менску ён сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнка і кіраўніком беларускага ўраду Раманам Галоўчанкам.

Па выніках візыту старшыні Дзяржсавету КНР быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненьняў. Сярод іх пагадненьне аб зоне свабоднага гандлю паслугамі і інвэстыцыямі, а таксама пагадненьні аб умацаваньні супрацоўніцтва ў галінах бясьпекі, энэргетыкі і фінансаў.

У прыватнасьці, плянуецца запусьціць пяць прамысловых праектаў на агульную суму 1 мільярд даляраў. Яшчэ 12 прамысловых праектаў на суму 2 мільярды даляраў знаходзяцца на стадыі зацьвярджэньня, гаворыцца ў сумеснай заяве.

Падпісаныя пагадненьні таксама прадугледжваюць наладжваньне больш цеснага супрацоўніцтва Беларусі з урадамі муніцыпалітэту цэнтральнага падпарадкаваньня Чунцін і правінцыі Шэньсі.

Аднак, як адзначае выданьне «Беларусы і рынак» , візыт кітайскага прэм’ера і падпісаньне дамоваў адбывалася на фоне росту праблемаў у двухбаковым гандлі.

Выданьне адзначае, што па выніках студзеня-чэрвеня 2024 году таваразварот Беларусі з Кітаем адносна аналягічнага пэрыяду мінулага году зьнізіўся на 13,2% — да 3,9 млрд даляраў. Пры гэтым імпарт з КНР павялічыўся — да 2,9 млрд даляраў, а беларускі экспарт у Кітай за паўгодзьдзе скараціўся на 37,2% — да 994,9 млн даляраў. У выніку адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем наблізілася да 2 млрд даляраў.

Па выніках студзеня — траўня пастаўкі Беларусьсю калійных угнаеньняў у Кітай склалі 393 млн даляраў, гэта амаль на 50% менш, чым летась. Зьмяншэньне назіралася і ў экспарце харчаваньня: пастаўкі рапсавага алею ў першым паўгодзьдзі 2024 году скараціліся больш як у два разы — са 130 да 45 млн даляраў, зьнізіліся і пастаўкі мяса і харчовых субпрадуктаў свойскай птушкі — з 172,2 млн да 94,4 млн даляраў.

Кітай — ужо другі па велічыні гандлёвы партнэр Беларусі пасьля Расеі, а дзяржаўнае кітайскае выданьне China Daily паведамляе, што двухбаковы тавараабарот у 2023 годзе перавысіў 8,4 мільярда даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG