Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь і Кітай падпісалі 28 дакумэнтаў аб супрацоўніцтве


Падчас візыту прэм’ера Дзяржаўнай Рады КНР Лі Цяна ў Беларусь падпісалі пакет дакумэнтаў у сфэры супрацоўніцтва, у тым ліку ў гандлі і інвэстыцыях, навукова-тэхнічным узаемадзеяньні і разьвіцьці прамысловай каапэрацыі паміж Беларусьсю і Кітаем, паведамляе прэс-служба беларускага ўраду.

Агулам у рамках візыту падпісалі 17 дакумэнтаў, яшчэ 11 былі падпісаныя раней, удакладняе прэс-служба ўраду.

Сярод падпісаных дакумэнтаў:

  • Міжурадавае пагадненьне аб гандлі паслугамі і ажыцьцяўленьні інвэстыцый, якое прадугледжвае стварэньне зоны свабоднага гандлю паслугамі паміж дзьвюма краінамі.
  • Пратакол зацьвярджэньня пераліку сумесных навукова-тэхнічных праектаў, ухваленых да фінансаваньня на 2024–2026 гады паміж Дзяржкамітэтам па навуцы і тэхналёгіях Беларусі і Міністэрствам навукі і тэхналёгіяў Кітаю. У яго ўвайшлі 20 сумесных праектаў, разьлічаных на тры гады, якія тычацца сфэраў ІКТ, біятэхналёгій, мэдыцыны, машынабудаваньня, новых матэрыялаў.
  • Пагадненьне аб пачатку 5 прамысловых праектаў на суму каля 1 млрд даляраў, яшчэ 12 прамысловых праектаў на 2 млрд даляраў — у стадыі ўзгадненьня.
  • Пляны паглыбленага супрацоўніцтва паміж Менскай вобласьцю і горадам Чунцін (па праектах вытворчасьці рэагентаў і абсталяваньня для дыягностыкі, дронаў, аўтамабільных сядзеньняў, прэпаратаў традыцыйнай кітайскай мэдыцыны, зборкі прамысловых робатаў, комплекснай лягістыкі), а таксама паміж Магілёўскай вобласьцю і правінцыяй Шэньсі (у гандлёва-эканамічнай і інвэстыцыйнай сфэрах, адукацыі і культуры). Падтрымалі яшчэ 7 плянаў «сумеснага разьвіцьця правінцый КНР і абласьцей Беларусі».
  • У рамках абвешчанага «году навукі, тэхналёгій і інавацый» прынялі рашэньне стварыць 5 цэнтраў, у тым ліку па разьвіцьці традыцыйнай кітайскай мэдыцыны, супрацоўніцтве ў галіне геалягічных навук, трансфэрце тэхналёгій дзяржаў — чальцоў ШАС, а таксама філіялу НАН Беларусі ў КНР.
  • Мэмарандум аб супрацоўніцтве ў галіне лічбавай адукацыі.
  • Дамову аб сумеснай вытворчасьці фільму «На векі вечныя».
  • Мэмарандум аб супрацоўніцтве з Кітайскай міжнароднай мэдыякарпарацыяй аб стварэньні Цэнтру кітайскіх кніг у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
  • Мэмарандум аб узаемаразуменьні па супрацоўніцтве ў галіне зялёнага і нізкавугляроднага разьвіцьця паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі і Дзяржаўным камітэтам па разьвіцьці і рэформах КНР.

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка заявіў, што «Кітай — другі пасьля Расеі зьнешнегандлёвы партнэр Беларусі» і што з часу ўстанаўленьня дыпляматычных адносінаў Беларусі з Кітаем двухбаковы тавараабарот «вырас больш як у 140 разоў, а ў 2023 годзе дасягнуў рэкордных 7,7 мільярда даляраў».

Таксама Галоўчанка адзначыў, што візыт прэм'ера Дзяржаўнай Рады КНР мае гістарычны характар, бо апошнім разам кіраўнік ураду Кітаю наведваў Беларусь з афіцыйным візытам 17 гадоў таму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG