Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне 65 выпускнікоў сёлета прымусілі плаціць за неадпрацаванае разьмеркаваньне


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Студэнты на лекцыі
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Студэнты на лекцыі

З пачатку 2024 году суды Берасьцейскай вобласьці задаволілі 65 пазоваў пракуратуры на агульную суму 620 тысяч рублёў аб спагнаньні з выпускнікоў грошай, затрачаных іх на навучаньне, паведамляе прэс-служба Генпракуратуры.

Гаворка пра выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спэцыяльных установаў адукацыі, якія навучаліся за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў і не адпрацавалі ўстаноўлены законам тэрмін па разьмеркаваньні.

Пракуратура прыводзіць прыклады, якія тычацца выпускнікоў сельскагаспадарчых ВНУ, якія не прыступілі да працы па разьмеркаваньні і выплацілі паводле рашэньня суду 40–41 тысяч беларускіх рублёў.

Як адзначае пракуратура, на практыцы выпускнікі рэдка выконвалі ў добраахвотным парадку судовыя рашэньні, таму грошы зь іх спаганялі ў прымусовым парадку «кампэтэнтныя органы».

Паводле зьвестак Мінадукацыі, у 2023 годзе ў Беларусі разьмеркавалі 55 тысяч выпускнікоў вышэйшых, сярэдніх спэцыяльных установаў і ўстановаў прафэсійнай адукацыі, якія навучаліся за кошт бюджэту.

Падобныя зьвесткі па іншых абласьцях Свабодзе знайсьці не ўдалося. Былі толькі асобныя паведамленьні пра спагнаньні грошай з выпускнікоў пэўных навучальных установаў.

Так, 14 жніўня Генпракуратура паведамляла, што за першыя паўгода 2024 году паводле заявы Горадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўнівэрсытэту спагнала з 12 выпускнікоў 240 тысяч рублёў, выдаткаваных на іх навучаньне.

Таксама пісалі пра асобныя (у тым ліку паказальныя) суды над выпускнікамі, якія не адпрацавалі па разьмеркаваньні. Напрыклад, з жыхара Ляхавічаў, які скончыў Івацэвіцкі дзяржаўны аграрны каледж і не зьявіўся па разьмеркаваньні, спагналі 5,3 тысячы рублёў і дзяржаўную пошліну ў суме 260 рублёў. З жыхара Чавусаў, які скончыў Мсьціслаўскі дзяржаўны будаўнічы каледж, спагналі больш за 7 тысяч рублёў за навучаньне, бо ён не адпрацаваў увесь тэрмін па разьмеркаваньні.

  • На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 21 верасьня 2023 году міністар адукацыі Андрэй Іванец анансаваў зьмены ў Кодэкс аб адукацыі — для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся платна, плянавалі таксама ўвесьці адпрацоўку па разьмеркаваньні, а для выпускнікоў бюджэтных аддзяленьняў — павялічыць тэрмін адпрацоўкі.
  • 5 кастрычніка 2023 году Іванец заявіў, што платнікаў, якія ўжо навучаюцца, у абавязковым парадку разьмяркоўваць ня будуць.
  • На сёньня адпрацоўка па разьмеркаваньні абавязковая толькі для выпускнікоў, якія навучаліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца паводле мэтавага накіраваньня, абавязаныя адпрацаваць па разьмеркаваньні пяць і больш гадоў (у залежнасьці ад тэрміну, прапісанага ў дамове аб падрыхтоўцы спэцыяліста), астатнія бюджэтнікі — два гады.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG