Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раней забруджаныя радыяцыяй землі Гомельскай вобласьці аддадуць у гаспадарчы абарот


Знак радыяцыйнага забруджваньня ў Гомельскай вобласьці. Архіўнае фота
Знак радыяцыйнага забруджваньня ў Гомельскай вобласьці. Архіўнае фота

На гэты конт зьявілася пастанова ўраду Беларусі.

Зямельныя ўчасткі ў Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласьці агульнай плошчай 16,6452 гектара, прадастаўленыя адкрытаму акцыянэрнаму таварыству «Майсееўка», выключылі з радыяцыйна небясьпечных і рашэньнем ураду перавялі ў гаспадарчае выкарыстаньне, піша «Позірк».

Адпаведная пастанова Савету Міністраў (№ 605 ад 20 жніўня 2024 году) апублікаваная 22 жніўня Нацыянальным прававым партале.

Згодна з дакумэнтам, на райвыканкам ускладзены кантроль умоў выкарыстаньня згаданых участкаў у адпаведнасьці з экспэртным заключэньнем Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Таксама мясцовыя ўлады будуць кантраляваць радыяактыўнае забруджваньне прадукцыі, што вырабляецца на гэтых землях.

Пастанова набывае моц з дня яе афіцыйнага апублікаваньня.

Міністэрства надзвычайных сытуацый 22 красавіка заявіла, што плошча забруджваньня Беларусі цэзіем-137 у выніку радыяактыўнага распаду за той час, што мінуў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зьменшылася ў 1,8 раза і складае 25,5 тыс. кв. км (12% тэрыторыі краіны). Цэзіем-137 на ўзроўні 1 кюры на кв. км забруджана 1,5 млн гектараў лясоў і каля 19 тыс. га сельскагаспадарчых угодзьдзяў.

Хімік-радыёлаг Сяргей Бесараб у інтэрвію «Позірку» адзначыў, што любая гаспадарчая дзейнасьць на забруджаных тэрыторыях пераводзіць радыянукліды, якія былі хімічна зафіксаваныя ў глебе, у мабільны стан.

«У цэзію-137 пэрыяд паўраспаду 30,17 года. Прайшло 1,23 пэрыяда паўраспаду. Ад усёй масы, выкінутай падчас выбуху, засталася прыкладна палова (43,53%), а радыяактыўнасьць стала ў 2,35 раза меншай. Гэта значыць, на тэрыторыі, дзе цэзію было мала, яго актыўнасьць знізілася. Можа, і сапраўды, калі ацэньваць па плошчах, будзе гэтае памяншэньне ў 1,8 раза. Лічбы больш-менш суадносяцца і супярэчнасьці няма. Але гэта нічога не азначае на справе, хаця б таму, што цэзій існаваць не перастаў, а проста сышоў у зямлю, стаў нябачны», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG